Пошук

24.03.2022 15:15   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч возьме ўдзел у набажэнстве з нагоды прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

У гэты дзень Папа Францішак падчас пакаяннага набажэнства ў базыліцы святога Пятра ў Ватыкане па шматлікіх просьбах вернікаў здзейсніць Чын прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Святы Айцец запрасіў усіх біскупаў свету далучыцца да гэтай адмысловай духоўнай ініцыятывы. Паводле Пантыфіка, яна павінна «стаць чынам паўсюднага Касцёла, які ў гэты драматычны момант узносіць да Бога праз Яго і нашую Маці крык болю тых, хто пакутуе і моліць аб спыненні насілля, а таксама давярае будучыню чалавецтва Каралеве супакою».

У адказ на запрашэнне Святога Айца далучыцца да Чыну прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі, 25 сакавіка ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбудзецца адпаведнае набажэнства.

Як паведамілі Catholic.by у Апостальскай нунцыятуры ў Мінску, прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч па запрашэнні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага таксама возьме ў ім удзел.

Кульмінацыяй набажэнства стане святая Імша, якой будзе папярэднічаць адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і набажэнства Крыжовага шляху. Пасля Імшы будзе прачытана адмысловая малітва Чыну прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Пробашч мінскай архікатэдральнай парафіі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч ад імя вернікаў супольнасці сардэчна запрашае ўсіх ахвотных узяць удзел у набажэнстве. На партале Catholic.by будзе весціся прамая трансляцыя з мінскай архікатэдры.

Абноўлена 24.03.2022 15:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця