Пошук

23.03.2022 15:49   Паводле: Grodnensis.by

22 сакавіка ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Ашмянах з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча прайшоў дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. У пастырскай сустрэчы ўдзельнічалі пераважна святары з Ашмянскага, Астравецкага, Смаргонскага і Івейскага дэканатаў.

Як паведамляе Grodnensis.by, усяго ў сустрэчы ўзялі ўдзел каля 40 святароў, як дыяцэзіяльных, так і з манаскіх супольнасцяў.

У межах сустрэчы адбылося набажэнства Крыжовага шляху.

Разважанні перад кожнай са стацый дапамагалі святарам зрабіць рахунак сумлення, каб яшчэ больш распаліць у сабе агонь Божай любові і з большай адданасцю служыць Богу і людзям, да якіх яны былі пасланы.

Удзельнікі выслухалі аскетычную канферэнцыю, у якой духоўны айцец святароў Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Шчупал CSsR звярнуў увагу на пагрозы, якія перашкаджаюць духавенству эфектыўна выконваць сваю місію ў Касцёле. Святар заахвоціў сабратоў да штодзённай малітвы, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, Ружанца, рахунку сумлення, споведзі, дысцыпліны і пастаяннай працы над сваім характарам, падкрэсліўшы, што гэта толькі некаторыя сродкі для падтрымкі духоўнага жыцця.

Цэнтральнай падзеяй дня стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў пастыр дыяцэзіі. Біскуп Аляксандр заахвоціў духавенства маліцца ў інтэнцыі міру, які сёння патрэбны ўсёй Еўропе, а асабліва Украіне.

У гаміліі ксёндз Павел Раманоўскi, пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках (Ашмянскі дэканат), адзначыў, што перыяд Вялікага посту — асаблівая нагода для таго, каб, углядаючыся ў Муку Хрыста, адкрыць для сябе сапраўднае аблічча Бога, які прабачае, убачыць свае грахі, якія з’яўляюцца прычынай мукі Сына Божага, прызнаць, што нам патрэбна прабачэнне, і дазволіць скрушыць сваё сэрца, каб пачаць па-іншаму ставіцца да людзей, якія знаходзяцца вакол кожнага святара. Ксёндз Раманоўскі падкрэсліў, што Езус Хрыстус патрабуе ад сваіх вучняў «вялікага сэрца», «хоча, каб мы Яго наследавалі ў Яго боскім прабачэнні», «жадае, каб намі кіраваў Яго супакой і праз нас выпраменьваўся на іншых».

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Гродзенскі падзякаваў усім прысутным сваятарам за ўдзел у дні засяроджання, падкрэсліўшы неабходнасць такіх сустрэч, якія пазітыўна ўплываюць на будаўніцтва святарскага адзінства і з’яўляюцца добрай нагодай аднавіць духоўнае жыццё.

Іерарх заклікаў кожнага святара зрабіць сваё жыццё служэннем іншаму чалавеку і заўсёды мець час для сваіх парафіянаў, каб іх выслухаць, маліцца за іх і ў патрэбах прыходзіць да іх з канкрэтнай дапамогай.

 

Абноўлена 23.03.2022 15:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.