20 сакавіка выйшаў чарговы нумар газеты Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця», у якім шмат увагі нададзена неадкладнаму спыненню вайны ва Украіне.
У анонсе новага нумара выдання яго галоўны рэдактар ксёндз Юрый Марціновіч адзначае:
«Складана пісаць і пра штосьці разважаць, калі ў нашых паўднёвых суседзяў „цякуць рэкі крыві і слёз“. Мы сабралі вялікі тэкст „Аб супакоі“ з выказваннямі Папы Францішка і беларускіх біскупаў. Іерахі ясна і недвухсэнсоўна выказваюцца пра гэтую вайну, а таксама суперажываюць украінскаму народу». Ксёндз Юрый Марціновіч са старонак газеты Гродзенскай дыяцэзіі таксама заахвочвае маліцца за мір ва Украіне. «Няхай нашыя малітвы будуць крыкам», — заклікае святар.
У матэрыяле «Пяць парадаў пераадолення стрэсу» псіхолаг ксёндз Павел Салабуда прапануе некалькі правілаў барацьбы з гэтай натуральнай рэакцыяй арганізма чалавека на жыццёвыя сітуацыі.
Разам з гэтым святар нагадвае, што рэлігійныя перакананні станоўча ўплываюць на псіхічнае здароўе.
«Пра сексуальнае выхаванне» вядзецца размова з Аленай Шымак, настаўніцай метаду распазнавання плоднасці англійскай мадыфікацыі. У матэрыяле ідзе гаворка пра хрысціянскі падыход у палавым выхаванні, стэрэатыпы католікаў і ідэі паляпшэння перадшлюбных курсаў.
У новай рубрыцы «Экалогія сужэнства» чытачы сустрэнуцца з псіхолагам і сямейным кансультантам Веранікай Рогач. У першым тэксце яна дасць парады адносна захавання сужэнскіх адносін на ўзроўні «мядовага месяца» на доўгія гады і ролю ў гэтым спантаннасці.
Пра малітву праслаўлення піша Алена Харольская з Гродна. Гэты матэрыял — сведчанне пра асабісты пошук «сваёй малітвы», тэмаў размовы з Богам і звязаныя з гэтым высілкі.
«Як пакаяцца?» — над гэтым пытаннем разважае Яна Чайко, дзелячыся думкамі пра тое, як перамагчы спакусу падыходаў «жывем адзін раз» і «што зроблена, тое зроблена».
Ксёндз Тадэвуш Крыштопік працягвае пералік грахоў якія наклікаюць Божую помсту.
Гэтым разам святар разглядае сацыяльную несправядлівасць, заробкі і правы рабочых.
Газету «Слова Жыцця» можна набыць ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі і ў Мінску:
- Парафія святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ (Кунцаўшчына)
- Парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава)
- Парафія Божага Цела (Ангарская)