
31 кастрычніка каталіцкае «Радыё Марыя» ў Беларусі адзначае значную дату — 10 гадоў з дня пачатку свайго вяшчання.
Гісторыя праекта пачалася 12 гадоў таму, калі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з ініцыятывай стварэння гэтай хрысціянскай радыёстанцыі ў нашай краіне і даручыў камандзе заняцца рэалізацыяй гэтай ідэі. На арганізацыю працэсу, вырашэнне тэхнічных і прававых пытанняў спатрэбілася два гады напружанай працы. У выніку ў канцы кастрычніка 2016 года ў эфіры загучалі першыя праграмы.
«Радыё Марыя» прапануе слухачам багатую праграму: трансляцыі святых Імшаў і набажэнстваў, катэхезы, рэлігійныя, адукацыйныя і музычныя перадачы.
Галоўная мэта радыё — абвяшчэнне Добрай Навіны, духоўная падтрымка вернікаў і хрысціянскае асветніцтва.
З нагоды юбілею 30 кастрычніка ў 18.30 у архікатэдральным касцёле Імя Насвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбудзецца святая Імша ў інтэнцыі «Радыё Марыя».
На супольную малітву шчыра запрашаюцца ўсе ахвотныя, вернікі, сябры і слухачы, каб разам падзякаваць Богу за 10 гадоў эфіру і папрасіць Божага благаслаўлення на далейшую дзейнасць.






