Пошук

16.03.2022 15:38   Тэкст: Кс. Анджэй Юхневіч ОМІ / Фота: С. М. Марцэліна Мігач ISSM / Catholic.by

14–15 сакавіка ў Навагрудку па ініцыятыве Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі адбылася сустрэча для кансэкраваных асоб.

На сустрэчу, якая праходзіла ў душпастырскім цэнтры пры навагрудскай парафіі святога Міхала Арханёла, сабраліся прадстаўнікі розных манаскіх супольнасцяў, якія прыбылі з усіх дыяцэзій нашай краіны.

Усяго ў сустрэчы ўзялі ўдзел 33 кансэкраваныя асобы сярэдняга пакалення.

У першы дзень удзельнікам былі прапанаваныя змястоўныя і актуальныя тэматычныя канференцыі сястры Вікторыі Чэкан з Мінска. Законніца раскрыла тэму «Духоўнага мацярынства і айцоўства ў пастаяннай фармацыі», а таксама распавяла пра тое, як правільна перажываць эмоцыі, у канферэнцыі на тэму «Аптэчка першай дапамогі: стрэс, паніка, траўма».

Касэкраваныя асобы наведалі месца мучаніцкай смерці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, якія, ратуючы іншых, аддалі сваё жыццё падчас Другой сусветнай вайны. Там сабраныя памаліліся за Беларусь, аб навяртанні Расіі і аб спрыненні вайны ва Украіне, пасля чаго ўзялі ўдзел у цэлебрацыі святой Імшы ў навагрудскім фарным касцёле, які з’яўлецца санктуарыем сясцёр мучаніц.

У старадаўняй святыні цяпер спачываюць іх рэліквіі, перад якімі кансэкраваныя асобы ўзносілі свае малітвы праз заступніцтва благаслаўлёных.

Увечары ўдзельнікі сустрэчы разам правялі час рэкрэацыі і арганізаванага адпачынку з гульнямі, пасля чаго скіраваліся ў капліцу, дзе адбывалася супольная адарацыя і была магчымасць споведзі.

Новы дзень распачаўся з цэлебрацыі Эўхарыстыі. Пасля снедання ўдзельнікі наведалі музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку і здзейснілі экскурсію ў Завоссе, дзе нарадзіўся вялікі паэт нашай зямлі. Гэта было апошняе супольнае мерапрыемства ў межах сустрэчы, пасля якога кансэкраваныя асобы раз’ехаліся па дамах — у тыя мясціны, дзе яны нясуць сваё служэнне.

Дзелячыся сваімі ўражаннямі, адзін з удзельнікаў сустрэчы адзначае, што яна была вельмі карыснай, дала новы духоўны і псіхалагічны штуршок для далейшага служэння, а таксама ўнутранае святло для таго, каб належным чынам адказваць на выклікі сучаснасці.

«Па атмасферы, якая панавала ў гэтыя два дні, адчувалася, што гэта не апошняя такая сустрэча», — зазначае ўдзельнік.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.