10 сакавіка каталіцкая моладзь Мінска сабралася ў сталічнай парафіі Святого Духа (Чыжоўка) на адарацыю і супольную малітву за мір.
Да юнакоў і дзяўчат з розных каталіцкіх супольнасцяў сталіцы далучыўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Сустрэча, якая мае назву «У дарозе да Пасхі», сёлета адбылася ўжо чацвёрты раз.
Кожны год моладзь збіраецца разам на пачатку Вялікага посту, каб ушанаваць Езуса, адаруючы Яго ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, і атрымаць сілы для плённага перажывання гэтага часу ласкі.
Такія сустрэчы спрыяюць не толькі добраму перажыванню Вялікага посту, але і становяцца для юнакоў і дзяўчат нагодаю пазнаёміцца з рознымі парафіямі сталіцы.
На пачатку сустрэчы ўсіх прысутных прывітаў пробашч парафіі ў Чыжоўцы ксёндз канонік доктар Ян Крэміс, які распавёў гасцям пра гісторыю пабудовы і пасвячэння касцёла Святога Духа.
Потым з уступным словам звярнуўся да ўдзельнікаў супольнай малітвы адказны за моладзь у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак. Святар нагадаў аб цяжкай сітуацыі, якая склалася ў свеце, асабліва аб жахлівых падзеях, звязаных з вайной ва Украіне.
У разважаннях падчас адарацыі была закранута тэма Сіноду Біскупаў, які цяпер праходзіць у Касцёле. Моладзь разам са сваімі душпастырамі разважала аб сінадальнасці і аб тым, наколькі мы ідзем разам дарогай да Пасхі.
Нарэшце, была ўзнесена малітва за мір ва Украіне. Дзякуючы глыбокім разважанням і спевам, якімі яны суправаджаліся, прысутная моладзь з розных парафій магла адкрыць сваё сэрца для дзеяння Святога Духа. Таксама падчас малітвы была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння, каб на пачатку Вялікага посту ачысціць душу ад грахоў.
Пасля адарацыі слова да моладзі прамовіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі:
«Папа Францішак сказаў, што сёння не трэба чакаць, што хтосьці будзе добрым. Трэба самаму быць добрым. Мы хочам быць добрымі, наша моладзь хоча быць добрай. І такой яна з’яўляецца. Таму ўмацуем яе, каб яна мела радасць, каб яна ішла па добрай дарозе, якая вядзе да Цябе, да радасці, да згоды», — сказаў іерарх.
Звяртаючыся да ў малітве Бога, арцыпастыр скіраваў да Яго просьбу аб міры ў свеце:
«Падчас сённяшняй адарацыі мы прасілі Цябе, каб настаў супакой і згода, каб чалавек пачуў чалавека, каб распачаўся дыялог, каб было зразуменне, каб брат быў братам», — маліўся арцыбіскуп Станеўскі.
Напрыканцы ксёндз Андрэй Бурак нагадаў пра духоўнае значаэнне добрых абяцанняў, або пастановаў на Вялікі пост і заахвоціў тых, хто яшчэ не ўзяў такой пастановы, зрабіць гэта. Святар нагадаў, што Вялікдзень — гэта час аднаўлення адносін з бліжнімі, асабліва з тымі, пра каго забыліся або з кім проста даўно не бачыліся.
Таму ўдзельнікам чування было прапанавана заданне: запрасіць іншага чалавека, каб разам перажыць Пасху.
Пасля малітвы ўсе ахвотныя маглі застацца на гарбату, каб паразмаўляць паміж сабой і падзяліцца сваімі ўражаннямі ад перажытай сустрэчы.