Пошук

04.03.2022 11:08   Grodnensis.by

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч
ПАСТЫРСКІ ЛІСТ НА ПЕРШУЮ НЯДЗЕЛЮ ВЯЛІКАГА ПОСТУ 2022 ГОДА

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі дыяцэзіі!

У мінулую сераду, якая называецца Папяльцовай, як кожны год, мы распачалі ў літургіі Касцёла шлях Вялікага посту. Калі нашы галовы пасыпалі попелам, з вуснаў святара мы пачулі заклік Хрыста: «Навяртайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15).

Гэтыя словы ўказваюць нам кірунак велікапоснага шляху: гэта шлях навяртання і аднаўлення веры.

Навяртанне — гэта зваротны шлях да Бога. У нашым жыцці, на жаль, нам пастаянна пагражае небяспека аддаліцца ад Бога, забыць пра найважнейшую мэту нашай зямной пілігрымкі, збіцца з дарогі ці сысці на памылковыя, падманныя шляхі, якія вядуць у нікуды.

Так адбываецца таму, што ў духоўным жыцці мы слабыя, нясталыя і хісткія. Наш розум не заўсёды здольны здзейсніць правільнае распазнанне і ацэнку сітуацыі, а воля, аслабленая грахом, не заўсёды ў стане паспяхова супрацьстаяць спакусам, якія нас атакуюць.

Калі з гэтага пункту гледжання мы пачынаем аналізаваць наша духоўнае жыццё, то ўсведамляем, наколькі павучальны і заўсёды актуальны вобраз выпрабавання Пана Езуса, які прадстаўляе нам сённяшняе Евангелле (Лк 4, 1–13). Мы бачым тут, як на далоні, пачварную стратэгію д’ябла, якая засноўваецца на выкарыстанні чалавечых слабасцяў, каб сапсаваць адносіны чалавека з Богам, узбудзіць у чалавечым сэрцы пачуццё недаверу Нябеснаму Айцу, схіліць чалавека не слухацца Бога і ставіць уласнае «я» на першае месца ў жыцці.

Першая прапанова д’ябла — каб Пан Езус ператварыў камень у хлеб — з’яўляецца сімвалам усялякіх спакусаў, якія засноўваюцца на тым, каб каштоўнасці матэрыяльныя, зямныя, часовыя ставіць вышэй за духоўнае, нязменнае і вечнае. У той жа час праўда ў тым, што найглыбейшы голад чалавечай душы не ў стане наталіць ні багацці, ні ўлада, ні забавы ці іншыя прыемнасці гэтага свету.

Больш, чым хлеб фізічны, які неабходны для падтрымкі нашага зямнога жыцця, нам патрэбны пасілак духоўны, якім з’яўляецца Божае Слова.

Другая спакуса — каб Пан Езус пакланіўся д’яблу ўзамен за ўсе валадарствы свету — можа быць названа спакусай ідалапаклонства. Гэта спакуса зрабіць сабе «бажка», ці аддаваць пашану стварэнню замест Бога Стварыцеля. Да тых, хто імкнецца любым коштам панаваць над іншымі, навязваць іншым сваю волю, імкнецца, каб яго ўхвалялі і ім захапляліся, як і да тых, хто ў пысе і ганарыстасці прыпісвае выключна сабе ўсялякія поспехі і заслугі, нават цноты і духоўныя дары, Пан Езус звяртаецца з перасцярогай: «Нaпiсaнa: „Пaну Бoгу твaйму будзеш пакланяцца i Яму aднaму будзеш служыць“» (Лк 4, 8).

У трэці раз д’ябал спакушае Сына Божага, прапануючы Яму кінуцца ўніз з крыла святыні. Гэта спакуса шукаць лёгкую вядомасць і папулярнасць, дасягаць мэтаў — нават добрых — без увагі на сродкі, танным коштам. Чалавек паддаецца гэтай спакусе, калі хоча навязаць Пану Богу сваю волю, калі ў сваёй дзейнасці разлічвае на неадкладны поспех, калі не хоча цярпліва і пакорна чакаць выслухоўвання сваіх просьбаў і малітваў і не ўмее прыняць Божую волю, калі яна адрозніваецца ад яго ўласных, чалавечых чаканняў і жаданняў. Гэта спакуса недахопу любові, пакоры і сыноўскага даверу Пану Богу.

Як мы пачулі ў сённяшнім Евангеллі, у духоўным паядынку з д’яблам наш Збаўца здабыў поўную перамогу.

Пан Езус перамог спакусы моцай сваёй сыноўскай любові да Нябеснага Айца, безумоўнай вернасці, адданасці і паслухмянасці.

У вуснах Езуса Божае Слова — надзейны ўказальнік шляху, які дазваляе з лёгкасцю абыходзіць падступныя засады праціўніка. Сорак дзён, праведзеных у пустыні, сталі для Пана Езуса часам умацавання сыноўскай сувязі з Богам Айцом.

Дарагія браты і сёстры! Перад намі сорак дзён велікапоснага шляху навяртання і паглыблення веры. Як адзначае Святы Айцец Францішак у адной са сваіх гамілій, «наша падарожжа вяртання да Бога магчымае толькі таму, што раней было Яго падарожжа да нас. Інакш гэта не было б магчыма. Перш, чым мы прыйшлі да Яго, Ён сышоў да нас. Ён нас апярэдзіў, выйшаў да нас насустрач. <…> Пілігрымаванне не засноўваецца на нашых сілах; ніхто не можа паяднацца з Богам уласнымі сіламі. <…> Нас збаўляе ласка; збаўленне — гэта чыстая ласка, чысты дар. <…> Пачатак вяртання да Бога — гэта прызнанне, што Ён нам патрэбны, што нам патрэбна міласэрнасць, патрэбна ласка. Гэта належны шлях, шлях пакоры» (з Гаміліі ад 17.02.2021).

Зробім усё, дарагія браты і сёстры, каб Вялікі пост, які распачынаецца, быў для нас сапраўды часам ласкі. Адкрыем розум і сэрцы на Езуса Хрыста, які выходзіць нам насустрач. Дапамогай у гэтай задачы няхай для нас будуць традыцыйныя сродкі пакаяння: малітва, пост і міласціна.

Для нас, хрысціянаў, перыяд Вялікага посту — запрашэнне паглыбіць і ажывіць жыццё малітвы.

Часта можна пачуць скаргу, што ў сучасным свеце хуткі тэмп жыцця не спрыяе малітве, што проста не хапае на яе часу. Вялікі пост — добрая нагода, каб гэта змяніць. Будзем жа мець адвагу вярнуць правільную іерархію справаў і заняткаў у нашым жыцці: адсунем на далейшы план усё, што неістотнае, малаважнае і дробязнае, а тады, безумоўна, знойдзем спосаб, каб малітва як асабістая і свядомая размова з Богам знайшла належнае для сябе месца ў нашай штодзённасці.

Было б добра, каб тыя з нас, хто па сур’ёзных прычынах карыстацца дыспенсай ад нядзельнай Эўхарыстыі, паклапаціліся аб пабожным удзеле ў святой Імшы і іншых набажэнствах з дапамогай інтэрнэту, маліліся Песні жальбы і Крыжовы шлях у сямейным коле, практыкавалі з яшчэ большай стараннасцю і руплівасцю малітву ў цішыні «хатняга Касцёла». Не будзем забываць пра чытанне Божага Слова, пра ўдзел у парафіяльных рэкалекцыях, пра тое, каб прыступаць да сакрамэнту пакаяння і прымаць святую Камунію.

Няхай Вялікі пост будзе таксама часам нашай устрыманасці, утаймавання пачуццяў і жаданняў, барацьбы з залежнасцямі і дрэннымі схільнасцямі, адмаўлення сабе ў тым, што неабавязковае, празмернае або шкоднае.

Кожнае адрачэнне, кожная форма посту развівае нас духоўна, умацоўвае нашую волю і робіць яе больш устойлівай перад дзеяннем спакусаў.

Будзем памятаць таксама пра цудоўны звычай велікапоснай міласціны: няхай нашым адрачэнням спадарожнічае чуласць да чалавечага гора і беднасці, бескарыслівасць, уменне дзяліцца з патрабуючымі тым, чаго мы маем дастаткова. Такім чынам мы будзем вучыцца перамагаць уласную абыякавасць, эгаізм і празмерную прывязанасць да матэрыяльных дабротаў.

Дарагія браты і сёстры! Сёлетні Вялікі пост мы перажываем у атмасферы глыбокага непакою і смутку з прычыны ваенных дзеянняў, якія праводзяцца вельмі блізка, каля нашых межаў, на тэрыторыі суседняй з намі Украіны.

Кожная вайна — вялікае зло, якое сее спусташэнне, распальвае ў чалавечых сэрцах гнеў, нянавісць, пагарду, хлусню і ўхваленне гвалту. Ахвярамі гэтай трагедыі з’яўляюцца нявінныя людзі.

Як хрысціяне мы маем маральны абавязак прасіць Пана Бога, каб у сваёй ласкавай усемагутнасці і бясконцай мудрасці Ён паклаў канец жахам вайны, уліў у зацвярдзелыя чалавечыя сэрцы ласку навяртання і даў сваім дзецям бясцэнны дар жаданага міру.

Таму прашу вас, дарагія браты і сёстры, усе сёлетнія велікапосныя практыкі — малітву, пост, міласціну — ахвяраваць у інтэнцыі міру ва Украіне. Няхай з глыбіні нашых сэрцаў кожны дзень узносіцца да Пана Бога шчырая і поўная даверу просьба аб ласцы міру. Будзем памятаць словы Пана Езуса, які нас запэўнівае: «Сапраўды таксама кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Mц 18, 19–20).

Жадаю вам, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, глыбокага і шчодрага на духоўныя плёны перажывання Вялікага посту. Запэўніваю вас у маёй малітве і на цвёрдае крочанне велікапосным шляхам навяртання і паглыблення веры ўсіх ад шчырага сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 2 сакавіка 2022 г.

P.S. Прашу паважаных пробашчаў і адміністратараў парафій Гродзенскай дыяцэзіі прачытаць Пастырскі ліст падчас кожнай святой Імшы ў I Нядзелю Вялікага посту 6 сакавіка 2022 г.

Абноўлена 04.03.2022 11:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця