«Навяртайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 14–15)
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Уваходзім у чарговы перыяд Вялікага посту на шляху нашай зямной пілігрымкі. Калі задумваюся над пастырскімі словамі на пачатак гэтага літургічнага перыяду, прыходзяць на думку выказванні, якія вы добра ведаеце, просьбы і запрашэнні, якія звычайна спадарожнічаюць нам на гэтым духоўным шляху. Але нягледзячы на тое, што шмат ведаем і разумеем, мы не можам маўчаць. Прыгадваем словы святога апостала Паўла, які навучае: «Навучай у спрыяльны і неспрыяльны час» (2 Цім 4, 2). Тым самым ён заклікае нас не спыняцца ў будавнні таго, што з’яўляецца асновай нашага жыцця: умацаванне веры, надзеі і любові.
Вялікі Пост вучыць нас не столькі адкрываць новае, колькі актуалізаваць тое, што пастаяннае, нязменнае і асноўнае для нашага жыцця і здароўя.
Змяняюцца часы, кантэксты, людзі, іх праблемы. Але застаецца Езус Хрыстус — адзіны Адкупіцель свету, «той самы ўчора, сёння і навекі» (пар. Гбр 13, 8). І менавіта слова «Адкупіцель» паказвае нам правільны кірунак перажывання Вялікага посту, Вялікага тыдня і Пасхі. Менавіта гэты літургічны перыяд асаблівым чынам распавядае нам пра любоў Бога да нас. Любоў адкуплення. Любоў, якая ўсё вытрывае, не стамляецца ў надзеі, абапіраецца на непахісны давер да ўсемагутнасці і любові Пана Бога.
Гэты час — сапраўдная школа веры і любові. Ён упісаны ў няўпэўненасць усяго таго, што мы цяпер перажываем. Для кожнага з нас гэты час можа стаць сапраўды благаслаўлёным. На фоне свету, які патанае ў неспакоі, канфліктах і спажывальніцтве, мы вучымся ў гэты велікапосны перыяд умацоўваць дух ахвярнасці і ачышчэння для таго, каб больш быць, чым мець. Гэты свет сканцэнтраваны на сабе, засяроджаны на сваіх эгаістычных патрэбах, таму ён нешчаслівы. Выйсці з крызісу можна толькі шляхам вернага трывання пры Пану Богу, умацавання духа і адкрытасці на дапамогу патрабуючым. Так мы выканаем запаведзь любові. Яна ёсць і павінна быць асноўным прынцыпам жыцця.
Дарагія браты і сёстры! У гэтым годзе наша дыяцэзія распачала трохгадовую падрыхтоўку да юбілею сотай гадавіны яе заснавання. На працягу трох гадоў мы будзем спасцігаць тры тэалагічныя цноты: веру, надзею і любоў. Так у гэтым годзе тэмай нашых душпастырскіх разважанняў з’яўляецца вера. Таксама ў гэтым годзе прыпадае 320-я гадавіна аб’яўлення святога Андрэя Баболі ў Пінску, што стала пачаткам культу гэтага мучаніка і нябеснага заступніка нашага краю. Біёграфы яго жыцця сцвярджаюць, што пасля мучаніцкай гераічнай смерці ён аб’явіўся ў візіі шматлікім асобам, між іншым, 16 красавіка 1702 года, айцу Марціну Гадэбскаму SІ, рэктару езуіцкага калегіюма ў Пінску. Пазней ён таксама з’явіўся сакрыстыяніну, падказваючы, дзе шукаць яго хвалебнае цела, пахванае ў крыпце езуіцкага касцёла ў Пінску.
Менавіта святы Андрэй Баболя абвяшчаў Евангелле на прасторах нашай дыяцэзіі і здабываў людзей для Хрыста ў каталіцкай веры. Няхай гэты святы заступнік нашай дыяцэзіі апякуецца намі ў гэты Год веры.
Найлепшай дапамогай у здзяйсненні першага кроку на шляху падрыхтоўкі да юбілею Пінскай дыяцэзіі можа стаць для нас больш актыўнае выкарыстанне скарбніцы дакументаў Касцёла. У апостальскім пасланні Porta fidei ад 11 кастрычніка 2011 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVI абвясціў у Касцёле Год веры. У гэтым лісце ён напісаў, як найлепш перажываць гэты час ласкі. Ідучы за думкаю Папы, прапаную звярнуць увагу ў нашых парафіях на наступныя пабожныя практыкі:
- У межах падрыхтоўкі да юбілею заахвочваю да чытання і ўважлівага разважання апостальскага паслання Porta fidei Папы Бэнэдыкта XVI.
- Год Веры няхай будзе добрай нагодай, каб з большым удзелам цэлебраваць веру ў літургіі, а асабліва ў Эўхарыстыі. У літургіі святой Імшы, якая з’яўляецца таямніцай веры і крыніцай евангелізацыі, вера Касцёла абвяшчаецца, цэлебруецца і ўмацоўваецца. Заахвочваю ўсіх вернікаў браць у ёй актыўны і часты ўдзел, свядома і плённа, каб яшчэ больш станавіцца сапраўднымі сведкамі Пана Бога.
- Святарам належыць прысвяціць больш увагі вывучэнню дакументаў Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, каб карыстацца іх багаццем у парафіяльным душпастырстве — катэхезах, прапаведванні, падрыхтоўцы да сакрамэнтаў, рыхтуючы цыклы гамілій на тэму веры ці нейкіх спецыфічных аспектаў, якія б тлумачылі вернікам асноўны змест Credo.
- Катэхетам належыць больш плённа чэрпаць з дактрынальнага багацця Катэхізіса Каталіцкага Касцёла ў навучанні вернікаў, а асабліва моладзі.
- Будзе дарэчы арганізаваць парафіяльныя місіі і рэалізаваць іншыя ініцыятывы, каб дапамагчы вернікам адкрываць дар, якім ёсць вера, выплываючая з сакрамэнту хросту, і адказнасць за сведчанне аб ёй са свядомасцю, што хрысціянскае пакліканне «па сваёй прыродзе з’яўляецца пакліканнем да апостальства».
- Усе вернікі, пакліканыя да аднаўлення дару веры, няхай пастараюцца дзяліцца ўласным сведчаннем веры і любові ў дыялогу са сваімі братамі і сёстрамі, а таксама з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў, з вызнаўцамі іншых рэлігій, а таксама з тымі, хто не верыць або абыякавы. Заахвочваю, каб такім чынам усе хрысціяне распачалі своеасаблівую місію адносна асобаў, сярод якіх жывуць і працуюць, усведамляючы, што прынялі пасланне збаўлення, каб яго перадаваць усім.
Вера — гэта спадарожніца жыцця, якая дазваляе нам адкрываць усё новыя цуды, якія Бог здзяйсняе для нас. Вера, якая стараецца распазнаваць знакі часу ў сучаснасці, абавязвае кожнага з нас станавіцца жывымі знакамі прысутнасці Уваскрослага ў свеце. Вера — гэта акт асобы і адначасова супольнасці: дар Бога, які перажываецца ў вялікай грамадзе Касцёла і які павінен быць перададзены свету.
Кожная ініцыятыва, якая прадпрымаецца ў межах падрыхтоўкі да юбілею дыяцэзіі, няхай падтрымлівае радаснае адкрыванне і аднаўленне сведчання веры.
У Папяльцовую сераду 2 сакавіка мы распачалі перыяд Вялікага Посту — час малітвы і добрых учынкаў, час асаблівага навяртання, паяднання і добрых учынкаў. У гэты перыяд мы ўсведамляем, што ўсе патрабуюць навяртання, бо ўсе грэшныя. Святы Ацец Францішак у пасланні на сёлетні Вялікі пост звяртае ўвагу, што гэты літургічны перыяд з’яўляецца часам, што спрыяе нашаму асабістаму і супольнаму аднаўленню, ведучы нас да Пасхі Хрыста, які за нас памёр і Уваскрос. Папа запрашае нас да навяртання і змены мыслення, каб станавіцца супрацоўнікамі Бога ў пасеве дабра і дзяленні ім з іншымі.
Ідучы за думкаю Святога Айца, запрашаю вас у перыяд Вялікага посту да працы над сабою ў духу аскезы, прысвячэння большага часу на малітву — індывідуальную і супольную. Заахвочваю да ўдзелу ў набажэнствах Крыжовага шляху і Песняў жальбы, парафіяльных рэкалекцыях, прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання, уключыцца ў дапамогу бліжнім. У гэты час маем шмат магччымасцяў, каб рабіць дабро іншым і такім чынам узрастаць у асвячальнай ласцы. Будзем карыстацца гэтымі пабожнымі практыкамі Касцёла.
На плённае перажыванне перыяду Вялікага Посту і часу падрыхтўкі да юбілею дыяцэзіі ад усяго сэрца благаслаўляю,
✠Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Папяльцовая серада, Пінск, 2 сакавіка 2022 г.
Святарам належыць абвясціць гэты ліст вернікам падчас кожнай св. Імшы ў Першую нядзелю Вялікага посту 6 сакавіка 2022 г. і размясціць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь перыяд Вялікага посту.