Пошук

26.02.2022 10:49   Паводле: Church.by / Catholic.by
Фота: news.zhirovichi-monastery.by

25 лютага на афіцыйным сайце Беларускай Праваслаўнай Царквы Church.by быў апублікаваны Зварот Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у сувязі з сітуацыяй ва Украіне.

Напачатку праваслаўны іерарх адзначае, што «ў гэтыя дні горыч і перажыванні напаўняюць нашыя сэрцы».

«Канфлікт на ўкраінскай зямлі распачаўся не ўчора, але да апошняга захоўвалася надзея на яго вырашэнне мірным шляхам», — заўважае Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Гаворачы пра братазабойчы характар канфлікту, ён дадае: «Тыя, хто стаіць сёння адзін супраць аднаго на баявых пазіцыях — часта людзі, родныя па крыві, па веры і па духу. З абодвух бакоў гінуць вайскоўцы, пакутуюць мірныя грамадзяне. Мы, адчуваючы сябе адной сям’ёй з рускімі і ўкраінцамі, падзяляем боль нашых братоў і сясцёр», — вызнае Мітрапаліт Веніямін, прыводзячы тыя самыя словы са Святога Пісання, на якія ў сваім закліку да посту ў інтэнцыі міру спаслаўся таксама Святы Айцец Папа Францішак: «Бог не з’яўляецца Богам бязладдзя, але спакою» (1 Кар 14, 33).

«Толькі ў прымірэнні і хутчэйшым спыненні баявых дзеянняў можна шукаць выйсце з узніклага канфлікту», — сцвярджае Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Арцыпастыр адзначае, што, «як у звычайнай сям’і бываюць часы выпрабаванняў, так і ва ўзаемаадносінах братніх народаў узнікаюць супярэчнасці, канфлікты, вырашыць якія часам вельмі няпроста. А вораг роду чалавечага асабліва цешыцца, калі брат ідзе на брата», — асцерагае праваслаўны іерарх.

«Беларуская Праваслаўная Царква заклікае зрабіць крокі насустрач адно аднаму. Будзем памятаць пра адзіную купель хросту, нашу супольную духоўную спадчыну, нашых святых», — выказвае Патрыяршы Экзарх міратворчую пазіцыю ў адносінах да канфлікту ва Украіне.

На заканчэнне Мітрапаліт Веніямін заклікае ўсіх вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы «рупліва маліцца, каб мір вярнуўся на ўкраінскую зямлю і братнія народы знайшлі шлях да прымірэння і ўзаемнага прабачэння».

У тым самым міратворчым рэчышчы выказаўся днём раней таксама кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Такім чынам назіраецца аднадушнасць у падыходзе прадстаўнікоў дзвюх асноўных канфесій у Беларусі да канфлікту ў братняй Украіне.

Абноўлена 08.03.2022 15:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця