Пошук

15.02.2022 10:57   Паводле: Grodnensis.by

У студзені ўбачыў свет 14-ы выпуск зборніка прац па навукова-тэалагічнай праблематыцы Studia Theologica Grodnensia, які выдаецца Гродзенскай дыяцэзіяй.

Выданне Studia Theologica Grodnensia заснавана ў 2007 годзе.

Iніцыятарам рэгулярнага выдання зборніка навуковых артыкулаў — першага такога роду выдання як у Касцёле на Гродзеншчыне, так і ў Касцёле на Беларусі, — стаў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Як паведамляе Grodnensis.by, у сёлетнім выпуску змешчаны публікацыі аўтараў, якія з’яўляюцца вядучымі спецыялістамі ў сваіх галінах навукі.

Нумар адкрывае артыкул вядомага дзеяча ў галіне хрысціянскай духоўнасці і містыкі прафесара Станіслава Урбанскага «Святасць хрысціяніна ў святле апостальскай адгартацыі Gaudete et Exsultate Папы Францішка».

У зборніку публікуюцца таксама навуковыя артыкулы святароў дыяцэзіі.

Так, ксёндз Яўген Амасёнак разважае над малітвай Езуса ў святле традыцыі праваслаўнай духоўнасці, асабліва ў тым, што датычыцца манаства і пустэльніцтва.

Ксёндз доктар Юрый Бяганскі ў артыкуле на літургічна-душпастырскую тэматыку разважае пра ролю маўчання ў літургіі. Аўтар падкрэслівае важнае значэнне і багатую сімволіку маўчання падчас літургічнай цэлебрацыі.

У зборніку змешчаны таксама артыкулы свецкіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі.

Тыя, хто цікавіцца гісторыяй каталіцкага манаства і, у прыватнасці, Таварыства Езуса, або езуітаў, з цікаўнасцю прачытаюць артыкул доктара Уладзіміра Леўшука, у якім аўтар апісвае і аналізуе найважнейшыя этапы развіцця гродзенскай місіі ад яе заснавання ў 1622 годзе да моманту ліквідацыі ў 1773 годзе.

Выхаваўчая і асветніцкая дзейнасць манаскіх ордэнаў і супольнасцяў у XVI–XVIII стагоддзях на тэрыторыі сённяшняй Гродзеншчыны — прадмет аналізу даследчыцы Вольгі Голуб. Аўтар артыкула падкрэслівае ролю шматлікіх школ і калегій, якімі кіравалі супольнасці езуітаў, дамініканаў, піяраў, бэрнардынаў, францішканаў, кармэлітаў і іншых манаскіх супольнасцяў.

Рэдакцыйная калегія разлічвае, што зборнік знойдзе сваіх чытачоў сярод шматлікіх зацікаўленых асоб i стане заахвочваннем да навуковай актыўнасці ў сферы развіцця тэалагічнай думкі ў мясцовым Касцёле.

Рэдакцыя запрашае да супрацоўніцтва ўсіх, хто жадае падзяліцца з шырокай грамадскасцю набытымі ведамі, вынікамі ўласнага aналізу і навуковых даследаванняў.

Зборнік можна набыць у сакратарыяце Курыі ў Гродне (вул. Карла Маркса, 4).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця