Пошук

12.02.2022 17:47   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

12 лютага ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася святая Імша аб вечным жыцці для яго былога кусташа айца Віктара Бурлакі, бэрнардына.

Пахаванне айца Віктара, які адышоў у вечнасць 9 лютага, адбылося напярэдадні на яго радзіме ў Шаргарадзе, што ва Украіне.

Памаліцца аб вечным жыцці для памерлага, які большую частку свайго святарскага жыцця прысвяціў служэнню ў Будславе, сабраліся мясцовыя вернікі, святары з розных мясцін, а таксама іерархі: ацрцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Жалобную цэлебрацыю ў старадаўняй будслаўскай святыні ўзначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч. На пачатку святой Імшы заслужаны іерарх узгадаў асобу спачылага айца Віктара Бурлакі, які доўгія гады служыў у Нацыянальным санктуарыі вернікам будслаўскай парафіі, шматлікім пілігрымам і ўсім, хто прыходзіў сюды да стоп Маці Божай.

«Ён вітаў на сходах гэтай святыні ўсіх пілігрымаў словамі: „Божая Маці вас чакае“. Сёння ён — спадзяемся і молімся аб гэтым — будзе ў тым Доме, дзе сапраўды яго з радасцю абдыме Божая Маці, служэнню якой ён прысвяціў сваё жыццё», — сказаў на пачатку святой Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч.

Сваю гамілію арцыпастыр распачаў словамі антыфоны: «Пан маё святло і маё збаўленне».

«Заўсёды смерць асацыюецца з цемрай, бо ў цёмную магілу было ўчора пакладзена цела памерлага святара. І здаецца, што ўжо няма святла. Але ў Святым Пісанні сам Бог кажа нам, што з’яўляецца нашым святлом і збаўленнем. Таму мы з надзеяй прыходзім, каб маліцца тут, у Будслаўскім санктуарыі, за душу святой памяці памерлага айца Віктара.

Вядома, смерць заўсёды напаўняе нас смуткам, бо адышоў чалавек, якога добра ведалі, які прысвяціў 16 гадоў жыцця гэтай парафіі; не толькі парафіі — усёй Беларусі. <…>

Ён любіў нашу краіну, ён жыў гэтым санктуарыем», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч, адзначыўшы, што і пасля завяршэння свайго служэння ў Будславе айцец Віктар прыязджаў на ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай, а калі летась у святыні згарэў дах, быў вельмі заклапочаны гэтаю бядою. Заслужаны іерарх заўважыў, што як сапраўдны духоўны сын святога Францішка, айцец Віктар заўсёды імкнуўся жыць харызмай фрацішканскага ордэна і рэалізоўваць у сваім жыцці яго дэвіз, несучы ўсім супакой і дабро.

Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што спачылы святар стаў кусташам галоўнага марыйнага санктуарыя нашай краіны ў 2005 годзе і вельмі шмат зрабіў для яго адбудовы, для арганізацыі пілігрымак і штогадовых фэстаў у гонар Маці Божай Будслаўскай, спрыяючы развіццю Яе культу.

«Ён адышоў ад нас. Мы ўжо не зможам з ім звязацца, але можам быць злучаныя з ім малітвай, нашай памяццю, нашай удзячнасцю за ўсё тое, што зрабіў на нашай зямлі гэты святар», — сказаў арцыпастыр, заахвоціўшы ўсіх да малітвы аб супакоі для яго душы.

«Няхай смерць айца Віктара, вернага слугі Езуса Хрыста, вернага слугі Касцёла, таксама стане голасам паклікання; голасам, які абудзіць новыя пакліканні да святарства», — выказаў пажаданне заслужаны іерарх, адзначыўшы, што святара, які адышоў, неабходна замяніць, бо святары патрэбныя паўсюль і заўсёды.

«Ойча Віктар, ты адышоў, але памяць пра цябе застаецца ў тваіх справах, ва ўсім тым, што ты зрабіў. Столькі споведзяў, столькі святых Камуній, столькіх пілігрымаў ты прыняў, столькі працы ўклаў у аднаўленне гэтага касцёла, а яшчэ больш — у аднаўленне душаў тых людзей, якія прыходзілі сюды!..

Ты адышоў, прыняўшы святую Камунію — віятык. Мы ўсе з’яўляемся пілігрымамі. У гэтай пілігрымцы нашага жыцця нам патрэбны хлеб: не толькі матэрыяльны, але і духоўны — Эўхарыстыя, і ты карміў гэтым духоўным Хлебам тых, хто прыходзілі да цябе. Адыходзячы з гэтага свету, ты прыняў гэты духоўны Хлеб, каб быць моцным духам, уваходзячы ў вечнае жыццё. Ты папрасіў, каб табе далі грамнічную свечку — сімвал святла Езуса Хрыста. Ты верыў у тое, што не цемра магілы будзе валадарыць над табою, але што святло Езуса Хрыста будзе асвятляць тваё будучае жыццё», — падкрэсліў заслужаны іерарх.

Гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў малітваю, скіраванаю да Маці Божай Будслаўскай:

«Нябесная Маці, наша Валадарка, Ты ведаеш больш, чым кожны іншы з нас, колькі высілкаў зрабіў айцец Віктар для Тваёй хвалы, для хвалы Касцёла, для збаўлення людзей, для праслаўлення гэтага Будслаўскага санктуарыя. Увядзі яго ў радасць святла вечнага, у радасць Езуса Хрыста, у радасць вечнага шчасця ў небе».

Пасля Імшы да ўсталяванага каля прэзбітэрыя партрэта спачылага айца Віктара Бурлакі падыходзілі вернікі, многія са слязьмі на вачах, каб развітацца са сваім шматгадовым душпастырам, які, як адзначыў на заканчэнне цэлебрацыі арцыбіскуп Кандрусевіч, цяпер будзе благаслаўляць іх з Дома Нябеснага Айца, выпрошваючы для іх патрэбныя ласкі.

 

 

Абноўлена 13.02.2022 00:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.