Пошук

09.02.2022 11:48   Catholic.by

9 лютага ў бэрнардынскім кляштары ў Шаргарадзе (Украіна) на 48-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы адышоў у вечнасць айцец Віктар Бурлака OFM, які з 2002 па 2018 год нёс служэнне ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай.

Ілля (манаскае імя Віктар) Бурлака нарадзіўся 16 лютага 1974 года ў вёсцы Розкіш Шаргарадскага раёна Вінніцкай вобласці  ва Украіне.

6 верасня 1992 года ўступіў у ордэн бэрнардынаў, дзе праз год прынёс першыя манаскія абяцанні. 3 мая 2000 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, пасля чаго на працягу года нёс служэнне ў Шаргарадзе. У 2002 годзе прыехаў у Беларусь, дзе нёс служэнне ў Будславе. З 2005 года быў кусташам Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.

26 жніўня 2018 года завяршыў сваё служэнне ў Беларусі і працягнуў яго ў бэрнардынскім кляштары ў Забаражы, што на Цярнопальшчыне ва Украіне, у 2019 годзе выехаў у Італію, дзе правёў два гады ў кляштары святога Себасцьяна ў Б’елла. У мінулым годзе вярнуўся на радзіму, у бэрнардынскі кляштар у Шаргарадзе.

Раніцай 9 лютага айцец Віктар прыняў святую Камунію, папрасіў даць яму ў рукі грамнічную свечку і ў прысутнасці братоў супольнасці спачыў.

Айцец Віктар, большая частка святарскага жыцця якога прайшла ў Беларусі, не дажыў тыдня да свайго 48-а дня нараджэння.

У Будславе святая Імша за памерлага айца Віктара Бурлаку адбудзецца ў суботу, 12 лютага, а 12-й гадзіне. Узначаліць жалобную цэлебрацыю ў Нацыянальным санктуарыі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Пахаванне спачылага адбудзецца 11 лютага. Пахавальная святая Імша ў касцёле святога Фларыяна ў Шаргарадзе распачнецца а 13-й гадзіне. 

Вечны адпачынак дай яму, Пане…

 

Абноўлена 09.02.2022 15:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа