Першы ў новым годзе студзеньска-лютаўскі нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны ролі свецкіх вернікаў у Касцёле.
У многіх касцёльных структурах свецкія вернікі займаюць адказныя пасады і супрацоўнічаюць з духоўнымі і кансэкраванымі асобамі.
Як адзначаецца на сайце часопіса «Ave Maria», у рэдакцыі выдання і ў выдавецтве «Pro Christo» гэтае супрацоўніцтва доўжыцца ўжо 30 гадоў, і кожны новы нумар часопіса з’яўляецца яго плёнам.
Нездарма гэтым разам прапануецца глыбей паразважаць пра апостальства свецкіх людзей, звярнуўшыся да дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, а менавіта да дэкрэта Apostolicam actuositatem.
Як падкрэсліла аўтарка агляду нумара 1–2 за 2022 год Юлія Косава, ён не атрымаўся б без сведчанняў актыўных свецкіх вернікаў. Рэдакцыя падрыхтавала некалькі інтэрв’ю і сведчанняў не толькі з беларускіх парафій, але і з Англіі, Германіі, Ізраіля і ЗША.
У сваім артыкуле айцец Яўген Голуб OFMConv піша аб тым, як на агульную карысць злучаюцца ў Касцёле пакліканні да свецкага і духоўнага жыцця.
Рубрыка «Святар адказвае на пытанне» прысвечаная духоўнай практыцы рэкалекцый. Разам з ксяндзом Андрэем Рылкам прапануецца разгледзець, што такое рэкалекцыі і як перажываць іх з найбольшай духоўнай карысцю. У рубрыцы «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай OCD заахвочвае паразважаць аб выпрабаваннях, з якімі сутыкаецца Касцёл на працягу сваёй гісторыі. У рэчышчы духоўнасці святога Ігнацыя Лаёлы ідзе гаворка пра спакусы на прыкладзе аднаго з найбольш спрэчных заклікаў малітвы «Ойча наш» — «не ўводзь нас у спакусу». Упрыгожваюць нумар вершы Дануты Бічэль і Ірыны Багдановіч.
Супрацоўнікі рэдакцыі часопісаў «Ave Maria», «Наша вера» і выдавецтва «Про Хрысто» віншуюць з юбілеем мастачку Галіну Хінку-Янушкевіч, чые малюнкі шмат гадоў упрыгожваюць гэтыя часопісы і многія кнігі.
Калектыў выказвае ёй удзячнасць за супольную працу і творчы запал.
У традыцыйным аглядзе рэдакцыйнай пошты ў гэтым нумары часопіса друкуюцца вершы, якія даслала Галіна Радына-Марцінкевіч. Рэдакцыя таксама ўдзячная за водгук на матэрыялы папярэдняга нумара часопіса, які напісала Антаніна Святоха з Маладзечна. Для тых, хто стварае часопіс «Ave Maria», вельмі важна ведаць думкі пра іхнюю працу, і для іх вялікая радасць, калі чытачы дзеляцца сваімі меркаваннямі з рэдакцыяй.
«Гэта таксама нашае супольнае супрацоўніцтва свецкіх у Касцёле», — адзначаецца на сайце выдання.