Пошук

04.02.2022 11:15   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

29 студзеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях прайшла дыяцэзіяльная сустрэча малітоўнага руху «Маці ў малітве».

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на сустрэчу з розных мясцін сабраліся жанчыны, якіх яднае малітва за сваіх дзяцей і любоў да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Сустрэча пачалася ў Марыйным садзе, дзе маці разам з Марыяй прайшлі Крыжовы шлях, разважаючы над таямніцай мукі Езуса. Удзельніцы прасілі, каб іх сэрцы напоўніліся жалем за грахі і ўдзячнасцю за Яго любоў.

Пасля малітвы жанчын чакаў супольны абед. Нефармальная атмасфера спрыяла новым знаёмствам і цікавым гутаркам.

 

Радасць сустрэчы падзяліў з матулямі кусташ санктуарыя ксёндз доктар Юрый Бяганскі, які цэлебраваў святую Імшу, маліўся ў інтэнцыі ўсіх маці і за іх дзяцей, а таксама дзякаваў Богу за такую патрэбную малітоўную супольнасць.

У гаміліі святар падкрэсліў, што кожная супольнасць у Касцёле ўзнікае з натхнення Духа Святога.

«Менавіта Дух Святы аб’яднаў вашыя сэрцы, каб трываць супольна ў малітве», — дадаў ксёндз Бяганскі.

Ён адзначыў, што кожная маці павінна быць прыкладам для сваіх дзяцей, удзельнічаць у жыцці Касцёла, быць гатовай абараніць веру, заўсёды быць вернай Хрысту і Яго запаведзям.

Кусташ тракельскага санктуарыя заахвоціў больш пазнаваць Бога, пацвярджаць сваю веру добрымі ўчынкамі, рэгулярна яднацца з Панам у святой Камуніі, запрашаць Найсвяцейшую Панну Марыю на штодзённую малітву.

Пасля Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

На заканчэнне сустрэчы ксёндз Юрый Бяганскі запрасіў удзельніц руху «Маці ў малітве» ў пешую пілігрымку ў Тракелі з Ліды, якая пройдзе ў першую нядзелю мая.

Менавіта ў гэты дзень у Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца Дзень Маці.

Сустрэча была напоўнена для сабраных праслаўленнем Пана, знаёмствам з новымі людзьмі і са святым месцам, дзе знайшла свой дом Маці Божая.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.