Пошук

26.01.2022 08:19   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Вольга Сяліцкая / Grodnensis.by

22 студзеня ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў адбылося экуменічнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій горада над Нёманам.

Як паведаміла прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у малітве, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, удзельнічалі прадстаўнікі Рыма-Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай i Праваслаўнай Цэркваў, Евангелічна-лютэранскай супольнасці, супольнасці поўнага Евангелля «Жывое Слова» (пяцідзясятнікі).

Праваслаўную Царкву прадставіў настаяцель храма святога Лукі ў Гродне протаіерэй Аляксандр Хомбак, Грэка-Каталіцкую Царкву — настаяцель парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне айцец Андрэй Крот, Евангелічна-лютэранскyю супольнасць у Гродне — Уладзімір Лобач, супольнасць поўнага Евангелля «Жывое Слова» — пастар Дзмітрый Малюкевіч.

На пачатку набажэнства біскуп Кашкевіч заклікаў вернікаў да супольнай малітвы, каб «панавала еднасць паміж усімі вучнямі Хрыста».

Іерарх нагадаў, што ўсе хрысціяне належаць да адзінай сям’і Божых дзяцей, якія імкнуцца да збаўлення.

У ходзе набажэнства з кароткімі прамовамі да ўдзельнікаў звярнуліся прысутныя прадстаўнікі канфесій.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч прыгадаў, што тэмай сёлетняга Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў з’яўляюцца словы з Евангелля паводле Мацвея: «Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму» ( 2, 2). Гэтыя словы прамаўляюць мудрацы з Усходу, якія прыбываюць, каб аддаць паклон Езусу Хрысту, нованароджанаму Каралю і Збаўцы свету.

«Мудрацы — язычнікі, не належаць да выбранага народу і не з’яўляюцца адрасатамі старазапаветнага аб’яўлення. Аднак гэта людзі вельмі чулыя да дабра, праўды і прыгажосці.

Усе свае інтэлектуальныя і духоўныя намаганні яны прысвяцілі пазнаванню таямніц свету і чалавечага жыцця, адкрыццю сэнсу існавання, набыццю сапраўднай і вечнай мудрасці», — адзначыў біскуп.

Іерарх дадаў, што з Божага плану збаўлення ніхто не выключаны — «Сын Божы прыходзіць у гэты свет як Збаўца ўсяго чалавецтва».

«Мудрацы, якіх вядзе святло зоркі, прыбываюць у Бэтлеем, аддаюць паклон нованароджанаму Езусу і прыносяць Яму свае дары.

Якое ж гэта прыгожае відовішча, калі людзі, якія належаць да розных культур, рас, народаў і моваў, яднаюцца ў аддаванні пашаны Сыну Божаму. A pазнастайнасць дароў, якiя яны прыносяць, можна патлумачыць як вобраз разнастайнасці спосабаў бачання і разумення Езуса Хрыста рознымі хрысціянскімі традыцыямі», — звярнуў увагу біскуп Гродзенскі.

Па яго словах, у кожнай з гэтых традыцый Хрыстус найважнейшы, у кожнай Яго вобраз праўдзівы і прыгожы, ніводная не можа «прысвоіць» сабе Хрыста, адмаўляючы іншым у праве Яго праслаўлення і абвяшчэння Яго навукі.

«Калі мы, хрысціяне, адкрываем у пашане да Езуса нашы сэрцы, калі аддаем Яму хвалу так, як нас вучыць уласная традыцыя і культура, гэтая разнастайнасць паміж намі яшчэ больш нас узаемна ўзбагачае, яшчэ больш дапамагае нам зразумець, які невычэрпны скарб праўды і дабра мае хрысціянская вера», — сказаў іерарх.

Ён дадаў, што сёння мы «дзякуем за дар нашай веры, за тое, што кожны з нас сустрэў у сваім жыцці Хрыста, за тое, што Яго Евангелле — святло на нашым шляху», «што ў нашых сэрцах не згасае жаданне аддаваць хвалу Езусу: праз малітву супольную і індывідуальную, праз літургію, служэнне ў духу любові нашым бліжнім».

«Будзем прасіць Пана, каб мы, будучы Яго вернымі і руплівымі вызнаўцамі, станавіліся для іншых людзей святлом, якое вядзе да Хрыста. Будзем шчыра шкадаваць і ў пакоры сэрца перапрашаць Пана за тое, што падзелы паміж намі, хрысціянамі, азмрочваюць ззянне гэтага святла», — заахвоціў біскуп.

Па яго словах, «мы хочам учыніць усё, што ў нашай моцы, каб святло нашага сведчання пра Хрыста было як мага больш ясным, каб дапамагала іншым — так, як мудрацам з Усходу — знайсці дарогу да Сына Божага».

Абноўлена 26.01.2022 08:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця