Пошук

23.01.2022 15:30   Тэкст: Мікола Гракаў / Catholic.by

22 студзеня, у межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, у Мінску адбылося экуменічнае набажэнства, у якім узялі ўдзел нунцый Ёзіч, арцыбіскуп Кандрусевіч, біскуп Касабуцкі, а таксама прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій нашай краіны.

Традыцыйнаму набажэнству ў галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі папярэднічала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх засяродзіўся на цэнтральнай тэме Трэцяй нядзелі звычайнага літургічнага перыяду, якая паводле пастановы Папы Францішка ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца як нядзеля Божага слова.

«Гэта вельмі сімвалічна ў перспектыве адзінства хрысціянаў. Менавіта Божае слова як адна з крыніц нашай веры з’яўляецца адным і адзіным для ўсіх хрысціянскіх канфесій. Яно заўсёды актуальнае і дзейснае, і яно павінна нас аб’ядноўваць. Няма каталіцкага Святога Пісання, праваслаўнага ці пратэстанцкага: Святое Пісанне — адно, і гэта слова адзінства, якога жадае Бог», — падкрэсліў арцыпастыр.

Ён дадаў, што тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў з’яўляецца часам ласкі, бо заклікае ўсвядоміць грэх падзелу, які раз’яднаў вызнаўцаў Хрыста, а таксама адчуць патрэбу малітвы і намаганняў, каб супольна пераадолець падзелы і разам вызнаваць веру ў Збаўцу. «У сучасным падзеленым свеце, які адракецца ад Бога, мы павінны адчуваць узаемную патрэбу адзін у адным», — адзначыў арцыбіскуп.

Ён заўважыў, што дэвіз сёлетняга Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў узяты з Евангелля паводле Мацвея: «Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму» (Мц 2, 2). «Гэтая зорка — адна для ўсіх хрысціянаў, і яна вядзе да аднаго і адзінага Збаўцы», — сцвердзіў заслужаны іерарх, заахвоціўшы прадстаўнікоў розных хрысцяінскіх супольнасцяў шчодра дзяліцца адно з адным атрыманымі ад Бога дарамі ласкі.

«Нашыя хрысціянскія супольнасці не настолькі бедныя, каб не мелі чым падзяліцца адна з адной, і адначасова не настолькі багатыя, каб маглі абысціся без узаемнай дапамогі», — упэўнены арцыпастыр. Сваю гамілію ён завяршыў пажаданнем: «Пасля сустрэчы з Немаўляткам Езусам у Бэтлееме, мудрацы іншым шляхам вярнуліся да сваіх дамоў. Мы таксама сабраліся, каб разам сустрэць Езуса. Няхай гэтая сустрэча так пераменіць нас, каб мы змянілі шлях адносін паміж намі. Няхай ён будзе шляхам адзінага для ўсіх нас Божага слова і супольнага хрысціянскага сведчання», — заахвоціў арцыбіскуп Кандрусевіч сабраных на святой Імшы ў мінскай архікатэдры і тых, хто духоўна далучыўся да супольнай малітвы з дапамогай прамой трансляцыі.

Непасрэдна пасля Імшы да алтара ў працэсіі выйшлі ўдзельнікі экуменічнага набажэнства, цэлебрацыю якога ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Напачатку ён шчыра прывітаў усіх удзельнікаў супольнай малітвы, перадусім прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, а таксама прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій: намесніка старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы айца протаіерэя Аляксандра Шымбалёва, пастара евангельска-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзіміра Татарнікава, памочніка біскупа Аб’яднання хрысціянаў поўнага Евангелля пастара Валерыя Шэйбака, а таксама прадстаўніка Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі протапрэзбітэра Змітра Грышана.

Ва ўступным слове біскуп Касабуцкі зазначыў, што матэрыялы на сёлетні Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў былі падрыхтаваныя Радай Касцёлаў Блізкага Усходу і зацверджаны Сусветнай Радай Касцёлаў і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству. Пасля супольнай малітвы і літургіі Божага слова кожны з прадстаўнікоў розных канфесій звярнуўся да прысутных з кароткім казаннем.

Айцец Аляксандр Шымбалёў напачатку нагадаў, што Хрыстус прыйшоў у свет, каб аб’яднаць усіх людзей. Протаіерэй адзначыў, што старажытны язычніцкі свет быў моцна падзелены на розныя мясцовыя вераванні і культы, і ніякая рэлігія ў тыя часы не аб’ядноўвала вялікай колькасці людзей. З прыйсцем у свет Хрыста гэта павінна было змяніцца, і аднымі з першых пакланіцца нованароджанаму Збаўцы прыйшлі тры мудрацы, прадстаўнікі розных народаў, якіх прывяла да Яго цудоўная Бэтлеемская зока. Пры гэтым айцец Аляксандр — праваслаўны святар і выкладчык астраноміі — заўважыў, што гэтая зорка была не нейкім астралагічным аб’ектам, а цудоўным знакам з Нябёсаў.

«І вось Хрыстос аб’яднаў увесь свет. Мы бачым, што цяпер хрысціянства распаўсюдзілася па ўсім зямным шары, у кожнай краіне свету жывуць хрысціяне, у кожнай краіне свету прапаведуецца Евангелле <…>.

Галоўнае — зразумець і прыняць вучэнне Хрыста; праявіць вялікую любоў да Бога і да людзей, каб у той глыбокай мудрасці, да якой нас заклікае Хрыстос, прыняць усіх людзей у сваё сэрца, як гэта зрабіў Ён сам», — сказаў айцец Аляксандр, дадаўшы, што на ўзор ахвяры Хрыста ўсе хрысціяне пакліканы прынесці ў ахвяру сваю пыху, аднавіцца Духам Святым, напоўніцца мудрасцю і з’яднацца ў Хрыстовай любові.

Лютэранскі пастар з Гродна Уладзімір Татарнікаў у сваёй прамове зазначыў, што сэнс супольнай малітвы не ў тым, каб даць адказы на ўсе пытанні, а каб пакланіцца Хрысту, як гэта зрабілі мудрацы з Усходу.

«Давайце мы сёння, як гэтыя мудрацы, якія прыйшлі да Дзіцяткі Езуса, пакінем усе пытанні, пакінем усе нашыя клопаты, усе нашыя страхі, усе нашыя перажыванні і проста памолімся; памолімся і папросім нашага нябеснага Айца не пакідаць нас, ахоўваць, аберагаць, быць з намі, з нашымі роднымі і блізкімі.

Давайце памолімся разам: адзін з адным і адзін за аднаго», — запрасіў удзельнікаў набажэнства лютэранскі пастар.

У сваю чаргу пастар Валерый Шэйбак сказаў, што толькі Евангелле Езуса Хрыста здольнае рассеяць усялякую грахоўную цемру.

«Гэтая бойка з грахоўнай цемрай у нашай краіне — справа няпростая і няхуткая», — заўважыў ён, дадаўшы, што толькі пакаянне ў грахах мінулага, здольнасць прымаць іншых з іх адрозненнямі і ўзаемная любоў могуць прывесці да таго, што калісьці ў нашай краіне і ва ўсім свеце здзейсняцца словы Хрыстовай малітвы, каб усе былі адно.

Грэка-каталіцкі протапрэзбітэр Зміцер Грышан у сваёй прамове зазначыў, што сама малітва аб адзінстве хрысціянаў сведчыць пра тое, што адзінства — гэта справа Хрыстова.

«Паколькі мы молімся, а не шукаем [адзінства] нейкімі іншымі спосабамі, бо часам гэтыя іншыя спосабы не даюць ніякіх вынікаў, мы лічым, што сапраўды толькі ў Яго асобе мы можам з’яднацца», — сцвердзіў святар, адзначыўшы, што для гэтага ўсім хрысціянам неабходна быць вернымі Хрысту.

Апошнім прамовіў біскуп Касабуцкі, які перадаў удзельнікам экуменічнага набажэнства прывітанне ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, які па аб’ектыўных прычынах не змог яго ўзначаліць, як гэта першапачаткова планавалася.

«Але ён духоўна злучаецца з намі ў гэтай нашай малітве, перадае словы прывітання і пастырскае благаслаўленне», — запэўніў прысутных Генеральны вікарый архідыяцэзіі.

Звяртаючыся да тэмы адзінства хрысціянаў, іерарх зазначыў, што на працягу двух тысяч гадоў балючай ранай на целе адзінага Касцёла сталі шматлікія падзелы і рэлігійныя войны, падчас якіх людзі, якія верылі ў аднаго Бога, забівалі адно аднаго.

«Сёння мы дзякуем Богу за тое, што настаў час, калі мы можам разам маліцца аб еднасці, шукаць адзінства, разважаць над тым, што мы можам для гэтага зрабіць», — заўважыў біскуп. Ён дадаў, што цяпер ёсць шмат добрых прыкладаў таго, як хрысціяне розных канфесій могуць разам жыць у згодзе і міры паміж сабою, без непатрэбных спрэчак, з пашанаю ставячыся да розных традыцый адно аднаго. Паводле іерарха, абвяшчэнне Евангелля ў свеце немагчымае без сведчання хрысціянскага жыцця вернікаў.

«Калі мы не будзем шукаць таго, што нас падзяляе, <…> а будзем шукаць таго, што нас аб’ядноўвае; тое дабро, якое можам зрабіць бліжняму, мы сапраўды будзем сведкамі Хрыста ў гэтым свеце», — сцвердзіў біскуп Касабуцкі.

Пасля прамовы кожны з прадстаўнікоў канфесій ад вялікай свечкі, якая сімвалізавала Бэтлеемскую зорку, запальваў свечку як сімвал Хрыстовага святла, што свеціць у цемры гэтага свету і вядзе ўсіх хрысціянаў да адзінства ў разнастайнасці.

 

Абноўлена 24.01.2022 15:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа