Пошук

21.01.2022 15:59   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

20 студзеня ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) з удзелам Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага адзначылі 500-годдзе з часу выдання Францішкам Скарынам «Малой падарожнай кніжыцы».

Надрукаваная ў 1522 годзе ў Вільні, яна стала, па сутнасці, першым малітоўнікам для вернікаў, выдадзеным на беларускай мове.

З нагоды юбілею выдання біскуп Касабуцкі ўзначаліў у Чырвоным касцёле цэлебрацыю святой Імшы, у якой бралі ўдзел святары лацінскага і ўсходняга абрадаў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, вернікі з розных парафій сталіцы і госці.

Вітаючы прысутных, іерарх, між іншым, сказаў:

«Мы адзначаем 500-годдзе з часу друку першага малітоўніка, які здзейсніў Францішак Скарына ў Вільні. Сёння разам з намі многія духоўна злучаюцца ў цэлебрацыі святых Імшаў у Празе, у Варшаве, у Вільні, у італьянскай далёкай Падуі, а таксама ў Полацку, адкуль паходзіў Францішак Скарына».

Генеральны вікарый архідыяцэзіі дадаў, што арцыбіскуп Станеўскі, які меўся ўзначаліць цэлебрацыю ў Чырвоным касцёле, па аб’ектыўных прычынах не змог гэтага зрабіць, але духоўна далучаецца да малітвы падзякі і перадае ўсім сваё прывітанне.

«Францішак Скарына залатымі літарамі ўвайшоў у гісторыю нашай краіны, іншых краін, і мы дзякуем Богу за дар гэтага чалавека, мы молімся аб вечным супакоі для яго душы», — сказаў біскуп Касабуцкі, запрашаючы прысутных да супольнай малітвы.

У прамоўленай гаміліі ён звярнуў увагу на тое, што беларускі першадрукар у сваёй дзейнасці працягнуў місію апосталаў, несучы сваім землякам Божае слова на зразумелай ім мовеь і такім чынам выконваючы дадзенае апосталам заданне абвяшчаць Евангелле ва ўсім свеце.

«Дзесьці ў яго душы, у сэрцы таксама загарэўся праменьчык апостальства. Ён не быў святаром, не быў біскупам, якія з’яўляюцца наступнікамі апосталаў, але ў яго было імкненне, каб Божае Слова пачула як мага больш людзей, <…> і так узнікла жаданне друкаваць святыя кнігі на старабеларускай мове», — адзначыў іерарх. Распавёўшы пра пачатак дзейнасці першадрукара ў Празе, дзе выйшлі першыя пераклады Бібліі, і пра перезд Скарыны ў Вільню, дзе ён заснаваў першую на нашых землях друкарню, біскуп нагадаў, што там у 1522 годзе быў выдадзены першы малітоўнік, які называўся «Малая падарожная кніжыца». У ёй былі сабраныя псальмы і тэксты розных малітваў.

Іерарх заўважыў, што нашаму першадрукару было вельмі нялёгка распачынаць кнігадрукаванне. «Але сапраўды, гэта была Божас справа, якую Бог благаслаўляе», — сцвердзіў біскуп Касабуцкі, дадаўшы, што выданні Скарыны, які жыў і працаваў на тэрыторыі розных краін, аб’ядналі многія народы. Пра гэта сведчыць і прысутнасць на цэлебрацыі ў Мінску дыпаламатаў, і цэлеборацыі, якія ў адзін дзень адбываліся ў шэрагу еўрапейскіх гарадоў.

«У Францішка Скарыны мы таксама можам павучыцца таму, як спалучаць справы зямныя са справамі духоўнымі. Ён разумеў, што ёсць Божыя справы, і калі гэта Божая справа, яе ўдасца зрабіць, нягледзячы ні на якія цяжкасці і перашкоды. Калі ж гэта справа толькі людская, яна разваліцца сама па сабе. <…> Мы сёння, калі дзякуем Богу за дар Скарыны, просім Яго, каб мы таксама ўмелі спалучаць гэтыя справы, умелі давяраць Богу, асабліва ў складаных, цяжкіх сітуацыях», — падкрэсліў пастыр.

«Францішак Скарына быў апосталам сваіх часоў, які дазволіў многім людзям сустрэцца з Богам на старонках Святога Пісання», — дадаў біскуп Касабуцкі, заахвоціўшы ўсіх удзельнікаў набажэнства ў Чырвоным касцёле і тых, хто да іх далучыўся дзякуючы прамой трансляцыі, не занядбоўваць чытання Бібліі і жыць Божым словам кожны дзень.

Эўхарыстыя суправаджалася рэлігйінымі спевамі ў выкананні хора парафіі святога Сымона і святой Алены, які пасля святой Імшы выступіў з кароткім канцэртам.

Потым са словам да ўдзельнікаў супольнай малітвы па запрашэнні біскупа Касабуцкага звярнуўся Пасол Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі пан Томаш Перніцкі. Ён шчыра прывітаў усіх прысутных на набажэнстве, асабліва сваіх калег дыпламатаў: Пасла Швецыі ў нашай краіне пані Крысцiну Юханесан і дарадцу пасольства Славакіі.

Прадстаўнік краіны, у якой Францішак Скарына распачаў сваю выдавецкую дзейнасць і дзе завяршыўся ягоны зямны шлях, асаблівым чынам падкрэсліў, што ў яго на радзіме з вялікай пашанаю ставяцца да памяці пра гэтую вялікую асобу эпохі Адраджэння.

Ён дадаў, што ў Чэхіі Францішак Скарына знайшоў сваю другую радзіму, адзначыўшы яго заслугі не толькі ў сферы перакладаў і кнігадрукавання, але таксама яго навуковую дзейнасць у галіне біялогіі. Пасол Перніцкі зазначыў, што Скарына працаваў непадалёк ад таго месца, дзе цяпер знаходзіцца Міністэрства замежных спраў Чэхіі. Там на пачатку 90-х гадоў быў усталяваны вялікі помнік слаўнаму сыну беларускай зямлі.

«Я вельмі рады, што Францішка Скарыну ўспамінаюць сёння таксама ў катэдральным касцёле святога Віта ў Празе <…>, дзе цяпер моляцца за душу Францішка Скарыны на Імшы, якую цэлебруе Прымас Чэхіі кардынал Дамінік Дука, арцыбіскуп Пражскі», — сказаў чэшскі пасол. Ён выказаў падзяку за супольную малітву ўсім удзельнікам набажэнства на чале з біскупам Касабуцкім.

На заканчэнне памятнага мерапрыемства ў Чырвоным касцёле адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Паўловіча «Францішак, мілы Скарына. Да 500-годдзя выхаду ў свет выдання „Малая падарожная кніжыца“».

Манаграфія была выдадзена намаганнямі парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску і яе пробашча ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка, які даўно клапоціцца пра захаванне памяці пра вялікага першадрукара беларускай зямлі і папулярызуе яго спадчыну ў наш час.

У новай кнізе па ўводзінах, напісаных Францішкам Скарынам для выдадзеных ім кніг Бібліі, аналізуюцца філасофскія погляды, этыка і генезіс патрыятызму першадрукара. Выданне адрасавана тэолагам, філосафам, гісторыкам, мастакам, студэнтам і ўсім, хто цікавіцца духоўнай спадчынай Беларусі.

Па запрашэнні біскупа Касабуцкага прысутны ў Чырвоным касцёле аўтар кнігі Уладзімір Паўлові коратка прадставіў свой твор.

«Тое, што гэтая кніжачка пабачыла свет менавіта ў Чырвоным касцёле, мяне бязмежна радуе, — сказаў даследчык. — Радуе, таму што касцёл — гэта святасць, касцёл — гэта дабрыня, гэта ласка». Ён дадаў, што Скарына ўсё аддаў свайму народу, праклаўшы шлях для адукацыі маладога пакалення на нязменных духоўных каштоўнасцях.

«Цяжка ўявіць сённяшнюю Беларусь без Скарыны, і мы павінны як мага часцей звяртацца да гэтага імя. <…> Гэта светлая памяць пра светлага чалавека. Вядома, сказаць можна многае пра яго, але я хацеў сказаць гэта па-свойму», — дадаў аўтар кнігі.

 

Абноўлена 21.01.2022 17:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.