Пошук

16.01.2022 11:22   Catholic.by

16 студзеня Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч адзначае 55-годдзе з дня нараджэння. Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі віншаванне прадстаўніку Папы Францішка ў нашай краіне скіраваў Старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч.

Ваша Эксцэленцыя, шаноўны арцыбіскуп Антэ Ёзіч!

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, духавенства і вернікаў Беларусі сардэчна віншую Вас з 55-годдзем з дня нараджэння!

Ваша служэнне ў нашай краіне ў якасці Апостальскага нунцыя прыпала на няпросты час. Грамадска-палітычная сітуацыя і пандэмія каранавірусу сталі сур’ёзным выклікам таксама для Вас як прадстаўніка Святога Пасаду, пакліканага не проста падтрымліваць дыпламатычныя адносіны паміж дзвюмя дзяржавамі, але і спрыяць паспяховаму вырашэнню пытанняў, якія ўзнікаюць у суіснаванні грамадства і Касцёла.

Моц Божай ласкі, заступніцтва Багародзіцы, а таксама досвед працы, набыты на папярэдніх дыпламатычнай пляцоўках у Індыі, Расіі і Ганконгу, дапамагае Вам паспяхова выконваць гэтую місію. І гэта нягледзячы на тое, што Ваш шлях да нашай краіны прайшоў праз сур’ёзнае выпрабаванне, якое пагражала Вашаму жыццю.

Божы Провід дазволіў Вам стаць прадстаўніком Папы ў сінявокай Беларусі. Няхай Ён дапамагае Вам у вырашэнні пытанняў, якія ставіць перад Вашым служэннем сучасная сітуацыя ў нашай краіне і ў свеце.

Вашая вера і адданасць Касцёлу няхай заўсёды адлюстроўваюць словы Апостала народаў: «Для ўсіх я стаў усім, каб уратаваць прынамсі некаторых. Раблю ж гэта дзеля Евангелля, каб стаць яго саўдзельнікам» (1 Кар 9, 22–23).

Сардэчна віншуючы Вас, Ваша Эксцэленцыя, з прыгожай жыццёвай датай, жадаю выказаць словы ўдзячнасці за клопат і малітву ў інтэнцыі Касцёла ў Беларусі і ўсёй нашай краіны, якая асаблівым чынам патрабуе сёння Божай дапамогі і лучнасці з паўсюдным Касцёлам.

Жадаем Вам, шаноўны арцыбіскуп Антэ Ёзіч, здароў’я, Божага благаслаўлення, няспыннай апекі Маці Божай Будслаўскай у справе служэння каталіцкаму Касцёлу і грамадству Беларусі. Няхай «спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, аберагае сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе» (Флп 4, 7), каб Ваша місія спрыяла росквіту веры і ўмацаванню грамадскага міру на нашай зямлі.

З малітвай,

Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Абноўлена 16.01.2022 11:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.