Пошук

03.01.2022 08:08   Catholic.by

У нядзелю 2 студзеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі здзейсніў першае ў 2022 годзе пастырскае падарожжа па архідыяцэзіі, наведаўшы парафію Беззааганнага Зачацця Найсвяйцейшай Панны Марыі ў Бабруйску.

Арцыпастыр пазнаёміўся з мясцовымі вернікамі і іх душпастырамі: пробашчам парафіі ксяндзом канонікам Андрэем Яркаўцом і вікарыем ксяндзом Канстанцінам Каракам.

У бабруйскай святыні іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, ўдзельнікі якой маліліся аб супакоі і згодзе паміж людзьмі і паміж народамі. На пачатку новага каляндарнага года арцыбіскуп Станеўскі заклікаў вернікаў «глядзець у будучыню вачыма Бога — гэта значыць сэрцам».

«Для гэтага неабходна спярша скіраваць позірк на пачатак, дзе Слова сталася целам; дзе ўвасабілася Божае Святло і Прыгажосць, каб будаваць будучыню ў адпаведнасці з Божым планам, а не ідучы за сваімі мроямі і пажаданнямі», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі.

Іерарх заўважыў, што шматпакутны бабруйскі касцёл да гэтага часу застанецца ў знявечаным выглядзе, схаваны ад вачэй за непрывабным пяціпавярховікам, узведзеным замест касцёльнай вежы.

«Маю надзею, што гэта зменіцца; што касцёл зноў стане выглядаць як святыня і будзе бачны ва ўсёй сваёй перашапачатковай прыгажосці жыхарам горада і турыстам», — адзначыў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Бабруйскія вернікі шчыра падзякавалі арцыбіскупу Станеўскаму за візіт у іх супольнасць, які стаў праяваю яго айцоўскага клопату пра гэтую вялікую парафіяльную сям’ю.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.