Пошук

03.01.2022 07:07   Тэкст і фота: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by

30 снежня ў касцёле святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне Валерыю Пупкевічу з законніцкай супольнасці сэрцанаў.

Як паведаміў сайт Catholicnews.by, напярэдадні ўвечары падчас святой Імшы яшчэ дыякан Пупкевіч урачыста вызнаў сваю веру і жаданне служыць у святарстве Богу і людзям.

Валерый Пупкевіч нарадзіўся 31 жніўня 1995 года ў Паставах. Паходзіць з мясцовай парафіі святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля заканчэння сярэдняй школы, адчуўшы голас паклікання, уступіў у Супольнасць Святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса (сэрцанаў). Падрыхтоўчы год правёў у супольнасцях Ляхавічаў і Мазыра. Пасля семінарыйнай фармацыі атрымаў ступень магістра тэалогіі і прыняў дыяканскае пасвячэнне ў Стадніках (Польшча), пазней нёс служэнне ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).

На пасвячэнні прысутнічалі святары з Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій, настаўнікі і выхавацелі новапрэзбітара, сябры і родныя.

Шматлікія сабраты і вернікі з розных мясцін, у тым ліку і з-за мяжы, маглі духоўна далучыцца да малітвы з дапамогаю прамой трансляцыі ў сеціве.

«Трываем у радасці Божага Нараджэння.

І тут, у парафіяльнай супольнасці ў Паставах гэтая радасць павялічваецца сёння яшчэ адным нараджэннем — „нараджэннем“ святара.

Дзякуем Богу за чарговы дар паклікання, які сёння вельмі каштоўны, бо заўсёды застаюцца актуальнымі словы Езуса: „Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё“. Сёння яшчэ адно маладое сэрца адказала „так“ на Божы заклік», — сказаў біскуп Буткевіч на пачатку ўрачыстай Літургіі.

Дыякан Валерый Пупкевіч пацвердзіў сваю прысутнасць, пасля чаго настаяцель супольнасці сэрцанаў у Беларусі ксёндз Ян Этэль SCI звярнуўся да біскупа з просьбай аб яго пасвячэнні.

У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на пакліканні і святарскім служэнні, што мае тры вымярэнні: абвяшчэнне Евангелля, асвячэнне праз сакрамэнты і пастырскае кіраванне супольнасцю Касцёла.

Біскуп зазначыў, што служэнне ў адпаведнасці з пакліканнем — ці ў сямейным жыцці, ці ў святарстве — гэта заўсёды шчасце.

Пасля гаміліі адбылося пасвячэнне. Напачатку дыякан лёг крыжам перад алтаром, а вернікі разам са святарамі маліліся Літаніяй да Усіх Святых. Потым праз ускладанне рук біскупа і ўсіх прысутных святароў, а таксама адмысловую малітву кандыдат прыняў ласку прэзбітэрскага пасвячэння, пасля чаго апрануў святарскае адзенне. Завяршыўся абрад намашчэннем рук новапрэзбітара алеем хрызмам і прывітаннем супакою.

Напрыканцы святой Імшы новапасвячаны падзякаваў Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса за атрыманы дар святарства. Словы ўдзячнасці ён скіраваў біскупу Алегу Буткевічу, сабратам і выкладчыкам з семінарыі, а таксама ўсім тым, хто дапамагаў яму на шляху да святарства.

Прыміцыйная святая Імша новапрэзбітэра Валерыя Пупкевіча SCI, які стаў дзясятым святаром сэрцанінам з Беларусі, адбылася ў пастаўскай святыні 1 студзеня, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі.

Абноўлена 03.01.2022 08:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа