Пошук

29.12.2021 15:15   Catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
«ПРАЗ АДЗІНСТВА, УДЗЕЛ І МІСІЮ ДА КАСЦЁЛА-СУПОЛЬНАСІ»
Слова на распачацце новага Пастырскага 2022 года

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, адказваючы на заклік папы Францішка развіваць ідэю сінадальнасці Касцёла, выбрала наступную тэму 2022 пастырскага года: «Праз адзінства, удзел і місію да Касцёла-супольнасці».

Другі Ватыканскі Сабор у Дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл Lumen gentuim — «Святло народаў» вучыць, што як з устанаўлення Езуса святы Пётр і іншыя апосталы ўтвараюць апостальскую Калегію, падобным чынам папа і біскупы аб’ядноўваюцца паміж сабой повяззю еднасці, любові і спакою ў Калегію біскупаў (пар. LG 22).

Адной з праяўваў калегіяльнасці з’яўляецца ўстанаўлены 15 верасня 1965 года святым Паўлам VI Сінод Біскупаў з мэтай абмяркавання найбольш актуальных пастырскіх праблем і пошуку шляхоў іх вырашэння.

Слова «Сінод» мае грэцкае паходжанне і азначае сумеснае падарожжа з мэтай супольнага пошуку рашэнняў па тых ці іншых актуальных праблемах.

Касцёл — гэта найперш Божы народ, які складаецца не толькі з духавенства, але і са свецкіх вернікаў, якія таксама маюць права на ўдзел у вырашэнні яго надзённых праблем.

Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што «хоць некаторыя з волі Хрыста пастаўлены настаўнікмі, распарадчыкамі таямніц і пастырамі іншых, аднак паводле годнасці і агульнай для ўсіх вернікаў дзейнасці ў будаванні Хрыстовага цела паміж усімі пануе сапраўдная роўнасць» (LG 32).

2. У Касцёле існуе правіла: Ecclesia semper reformanda — «Касцёл заўсёды рэфармуецца». Гэта азначае, што Касцёл не з’яўляецца скамянелай інстытуцыяй, але змяняецца ў адпаведнасці са знакамі часу і яго выклікамі.

Падкрэсліў гэта і Другі Ватыканскі Сабор. Падчас яго адкрыцця 11 кастрычніка 1963 года папа Ян ХХІІІ выказаў жаданне, каб Сабор праходзіў у духу італьянскага слова aggiornamento, што можна перакласці як аднаўленне жыцця і пастырскай дзейнасці Касцёла ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу.

Касцёл усведамляе неабходнасць адказу на выклікі часу, бо інакш жыццёвы цягнік адыдзе без нас, а з ім — людзі, якія патрабуюць пастырскай апекі.

Пры гэтым трэба памятаць, што дастасаванне да патрабаванняў часу і яго выклікаў не можа весці да змены нязменных маральных прынцыпаў. Змены могуць адносіцца выключна да спосабу арганізацыі пастырскай працы ў зменлівых абставінах.

3. Клапоцячыся пра Касцёл і шукаючы найбольш прыдатных шляхоў для яго сведчання і місіі перад абліччам цяперашніх выклікаў, неабходна духоўна акунуцца ў тую прастору ласкі, якой Дух Святы адарыў Касцёл на Другім Ватыканскім Саборы, вучэнне якога застаецца актуальным і сёння, як крыніца натхнення і абавязацельстваў. Таму неабходна вяртацца да саборнага вучэння пра Касцёл як Божы народ, які з’яўляецца суб’ектам евангелізацыі і місіі.

У сувязі з гэтым неабходна прыгадаць вучэнне дагматычнай канстытуцыі Lumen Gentium, што пастыры, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі павінны працаваць разам дзеля агульнай справы. На свецкіх ускладаецца ганаровы абавязак спрыяць таму, каб Божы план збаўлення пашыраўся на ўсіх людзей. Таму ім павінен быць адкрыты шлях, каб па меры сваіх сіл і ў адпаведнасці з актуальнымі патрэбамі яны ўдзельнічалі ў збаўчай справе Касцёла (пар. LG 33).

4. Заўсёды актуальнае пытанне аб вернасці шляху абнаўлення Касцёла і служэння, прымушае нас усвядоміць значэнне пантыфікату папы Францішка, які 13 сакавіка 2013 года, у дзень свайго абрання на пасад святога Пятра, звярнуўся да Божага народа са словамі: «А цяпер давайце пачнем гэты агульны шлях біскупа і людзей; шлях Рымскага Касцёла, які кіруе ў любові усімі Касцёламі. Гэта шлях братэрства, любові і ўзаемнага даверу».

Такім чынам Пантыфік прапануе шлях эвалюцыі ад калегіяльнасці да сінадальнасці, што пацвярджае тэзіс аб няспыннай рэформе Касцёла і яго дынамізме.

Таму прапанаваны папам Францішкам сінадальны працэс — гэта не толькі і не столькі сход біскупаў, але сумеснае падарожжа ўсіх вернікаў.

5. Запрашэнне Пантыфіка распачаць новы супольны шлях — гэта, з аднаго боку, заклік заставацца вернымі існуючаму, укаранёнаму ў Евангеллі, шляху, які прадставіў Другі Ватыканскі Сабор і якім вялі Касцёл папы апошніх дзесяцігоддзяў, а з іншага — заклік да яго ўдасканалення ў канкрэтных умовах жыцця Касцёла перад абліччам знакаў і выклікаў часу, які хутка змяняецца.

Гэты шлях канкрэтызуе папа Францішак у апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium — «Радасць Евангелля». Ён марыць аб выбары місійнага шляху Касцёла з мэтай перамены касцёльных структур так, каб яны сталі больш місійнымі, а звычайнае душпастырства было больш шырокім і адкрытым (пар. EG 27).

Евангелізацыя — гэта галоўнае заданне Касцёла. Будучы суб’ектам евангелізацыі, Касцёл уяўляе сабой нешта большае за структурную і іерархічную ўстанову. Ён перадусім складаецца з людзей, якія ідуць да Бога. Гэта народ, які пілігрымуе, евангелізуе і перавышае ўсялякія, хоць і неабходныя, інстытуцыянальныя рысы (пар. EG 111).

6. Упершыню Сінод праходзіць дэцэнтралізавана і складаецца з трох этапаў: дыяцэзіяльнага, кантэнынэнтальнага і паўсюднага.

Дыяцэзіяльны этап складаецца з кансультацый, у якіх могуць браць удзел не толькі духоўныя, але таксама свецкія католікі і іншыя хрысціяне. Па іх выніках нацыянальныя Канферэнцыі біскупаў падрыхтуюць адмысловыя дакументы.

Яны і атрыманныя ад Сінодаў Усходніх Касцёлаў і іншых касцёльных структур падобныя дакумены стануць базай для распрацоўкі Генеральным Сакратарыятам Сіноду Біскупаў першага варыянту Працоўнага дакументу (Instrumentum laboris).

Ён будзе прааналізаваны кантынентальнымі аб’яднаннямі біскупаў. Па выніках іх працы Генеральны Сакратарыят Сіноду Біскупаў падрыхтуе канчатковы Працоўны дакумент (Instrumentum laboris) на сам Сінод.

Сінадальны працэс завершыцца паўсюдным этапам у кастрычніку 2023 года на Генеральнай Асамблеі Біскупаў, якая будзе прысвечана тэме: «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія».

7. Як відаць, гэты касцёльны форум набывае якасна новае значэнне, а менавіта, становіцца падарожжам усяго Божага народа з мэтай нанава адкрыць сінадальны характар Касцёла. Сінадальнасць азначае асаблівы стыль, які вызначае жыццё і місію Касцёла, выяўляючы яго прыроду як Божага народа, які падарожнічае разам і збіраецца на сход, скліканы Панам Езусам у моцы Святога Духа, каб абвяшчаць Евангелле, як падкрэслівае Даведнік для Сіноду на тэму сінадальнасці (пар. Вадэмэкум 1.2).

Сінадальнасць з’яўляецца неад’емнай часткай натуры Касцёла, што выяўляецца ў паўсюдных Саборах, сінодах біскупаў, дыяцэзіяльных сінодах, дыяцэзіяльных і парафіяльных радах.

Аднак у той жа час Касцёл не абмяжоўваецца толькі існуючымі інстытутамі. Сінадальнасць — гэта не столькі падзея ці лозунг, колькі стыль і спосаб быцця, дзякуючы якому Касцёл перажывае сваю місію ў свеце. Місія Касцёла патрабуе ад усяго Божага народа падарожнічаць і вырашаць праблемы разам (пар. Вадэмэкум 1.3).

Метадам сінадальнага працэсу з’яўляецца слуханне, яго мэтай — распазнанне, а шляхам — удзел (пар. Вадэмэкум 2.2).

8. Распачаты Касцёлам сінадальны працэс павінен умацаваць нас у касцёльнай місіі на шляху аднаўлення, асабістага і пастырскага навяртання, а таксама дыялогу са светам і служэння чалавеку, каб праз адзінства, удзел і місію будаваць Касцёл-супольнасць, што і з’яўляецца дэвізам новага пастырскага года. 

8.1. Праблема адзінства ў сучасным свеце становіцца ўсё больш актуальнай; закранае яна і Касцёл. Хрыстус добра ведаў, што Касцёл як боска-чалавечы арганізм будзе паддадзены розным выпрабаванням і таму падчас Апошняй вячэры маліўся аб тым, «каб усе былі адно» (Ян 17, 21).

Гаворка ідзе не толькі пра еднасць паміж падзеленымі хрысціянамі, але таксама і пра ўнутрыкасцёльнае адзінства. У наш час мы назіраем шмат супярэчнасцяў у касцёльным жыцці. Вядома, што колькі людзей, столькі і меркаванняў. Гэта нармальна, бо павінен існаваць іх плюралізм. Але, як кажа святы Ян Павел ІІ, неабходна будаваць адзінства ў разнастайнасці.

Мова перадусім ідзе пра адзінства веры. На жаль, у наш час усё часцей праяўляюцца адхіленні ад аб’яўленай Богам і прадстаўленай вучэннем Касцёла веры.

Такая практыка праяўляецца ў тэндэнцыях секулярызму, маральнага рэлятывізму, дзейнасці розных сект, не зацверджаных Касцёлам рухаў і прыватных аб’яўленнях і прароцтвах, і т.п.

Хрыстус кажа, што падзеленае каралеўства будзе знішчана (пар. Дан 11, 4). Мы павінны сцерагчы дэпазіт нашай веры, якая вытрымала выпрабаванне часам. Таму нам неабходна трымацца аб’яўленай Богам веры і маральных норамаў, быць паслухмянымі вучэнню Касцёла, умацоўваць адзінства з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і паміж сабой. У гэтым — задатак паспяховасці нашай місіі.

8.2. Усе вернікі павінны прымаць актыўны ўдзел у жыцці Касцёла і вырашэнні яго праблем, бо ўсе адказныя за яго. Нельга думаць, што праблему вырашаць духоўныя асобы. Яны патрабуюць дапамогі з боку свецкіх, голас якіх павінен гучаць. Духоўныя асобы павінны яго чуць, бо гэта — голас народа. Нездарма існуе выраз: Vox populivox Dei — «Голас народа — голас Бога».

Адносіны паміж духоўнымі і свецкімі вернікамі — гэта дарога з двухбаковым рухам. Аднак у ёй неабходна асцерагацца секулярызацыі духоўных і клерыкалізацыі свецкіх.

Кожны мае сваё пакліканне і павінен яго выконваць, супрацоўнічаючы на карысць Касцёла і ў справе збаўлення людзей.

8.3. Кожны чалавек атрымлівае ад Бога даручаную яму місію. Галоўным заданнем Касцёла на сучасным этапе яго развіцця з’яўляецца новая евангелізацыя. Браць удзел у ёй павінны не толькі біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, але таксама і свецкія вернікі.

Дзякуючы сакрамэнту хросту яны прымаюць удзел у агульным святарстве Езуса Хрыста (пар. LG 10) і таму адказныя за місію Касцёла. Часам яны маюць больш магчымасцяў, чым духоўныя асобы, і іх неабходна выкарыстоўваць, каб Евангелле распаўсюджвалася, і яго пазнанне вяло да прыняцця і ўмацавання веры.

9. Такім чынам, мы бачым, што імкненне да адзінства, актыўны ўдзел у жыцці Касцёла і адказнасць за яго місію будуюць Касцёл як супольнасць, якая складаецца з людзей розных духоўных станаў, сацыяльных становішчаў, поглядаў, нацыянальнасцяў, традыцый і культур.

Усіх іх аб’ядноўвае тая ж самая вера і супольны клопат пра Касцёл як сакрамэнт паўсюднага збаўлення (пар. LG 48).

Даручаючы ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, Марыі, Маці Касцёла, заклікаю да малітвы і актыўнага ўдзелу ў распачатым сінадальным падарожжы Касцёла. Няхай ён стане Вячэрнікам новага спаслання Святога Духа, каб наш беларускі Касцёл аднавіўся і праз адзінства, удзел і місію стаў Касцёлам-супольнасцю.

На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, † і Сына, і Святога Духа.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 25 снежня 2021 г., урачыстасць Нараджэння Пана

Абноўлена 29.12.2021 23:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.