Пошук

29.12.2021 08:08   Кс. Францішак Рудзь / Catholic.by

26 снежня, у свята Святой Сям’і, хор праваслаўнага прыхода свяціцеля Мікалая Японскага ў Мінску даў святочны канцэрт у касцёле суседняй каталіцкай парафіі Маці Божай Будслаўскай.

Каляды — светлае хрысціянскае свята, якое сярод зімовай сцюжы ахінае цяплом і надзеяй. Улічваючы колькасць хрысціянаў у свеце, нескладана зразумець, чаму калядныя канцэрты носяць сапраўды глабальны характар. Таму і ў беларускіх храмах вернікі з душэўнай цеплынёй чакаюць радасных калядных спеваў, якія ўслаўляюць прыход немаўляці Езуса на Зямлю.

Выступленне хору стала ўжо добрай каляднай традыцыяй і добрасуседскіх адносін праваслаўнай і каталіцкай парафій у адным з новых мікрараёнаў сталіцы.

У выступленні прагучалі класічныя, даўно ўпадабаныя вернікамі, і сучасныя творы, што асабліва падкрэслівае сувязь розных эпох і традыцый. Канцэрт яшчэ раз нагадаў вернікам аб светлым пачуцці чакання каляднага цуду і аб тым, што з’яўляецца асноваю хрысціянскага адзінства.

Ужо шмат гадоў мастацкім кіраўніком і дырыжорам прыходскага праваслаўнага хору з’яўляецца рэгент Мікіта Булахаў. Духоўны кіраўнік калектыву — настаяцель прыхода храма свяціцеля Мікалая Японскага протаіерэй Павел Сердзюк.

У слове да вернікаў праваслаўны і каталіцкі святары расказалі пра вялікі дар і цуд прыйсця Бога на зямлю, што нясе надзею, веру і любоў, а таксама пра тое добрае і светлае, што дапамагае душы чалавека перажыць цемру і холад доўгіх зімовых начэй.

Вернікі парафіі Маці Божай Будслаўскай ад усяго сэрца падзякавалі хору за падараваную радасць, перадалі найлепшыя пажаданні праваслаўным братам і пачаставалі каляднымі пірагамі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця