Ваша Святасць!
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, духавенства і вернікаў Беларусі сардэчна віншую Вас з важнай датай у Вашым жыцці — 85-годдзем з дня нараджэння!
Дзякуючы ўсемагутнаму Богу, Вы ўсім сваім жыццём даяце яскравы прыклад бескарыслівага і бездакорнага служэння Хрысту і Яго святому Касцёлу.
У юнацтве Вы прынялі важнае рашэнне, якое вызначыла ўвесь Ваш далейшы жыццёвы шлях: служыць Богу і Яго святому Касцёлу. Шмат гадоў Вы ішлі нялёгкім, а часам цярністым шляхам, асабліва ў цяжкія для Каталіцкага Касцёла ў Аргентыне гады ваеннага рэжыму.
Гледзячы на Вашае шматгадовае служэнне як святара, пазней як біскупа і цяпер як наступніка святога Пятра, з упэўненасцю можна пераканацца ў Вашай непахіснай адданасці Касцёлу, гатоўнасці аддаць усе сілы і здольнасці дзеля ажыццяўлення яго выратавальнай місіі. За час свайго служэння Вы сталі «слугою паводле дадзенага Вам дзеля нас Божага распараджэння, каб абвяшчаць слова Божае» (пар. Клс 1, 25).
Сардэчна віншуючы Вашу Святасць са знамянальнай жыццёвай датай, дазвольце выказаць словы ўдзячнасці за памяць і малітву ў інтэнцыі Касцёла ў Беларусі і ўсёй нашай краіны, якая перажывае не самыя спакойныя часы сваёй гісторыі, а таксама перадаць нашае глыбокае жаданне вітаць Вашу Святасць на нашай зямлі!
Узрост не вымяраецца гадамі. Няхай маладосць духа, якую, без сумневу, Вы маеце, абуджае ў сучасных людзей жаданне адкрываць глыбіню і прыгажосць духоўнага жыцця, адноўленага святлом Евангелля.
Жадаем Вам, Ваша Святасць, здароў’я, Божага бласлаўлення, а таксама штодзённай апекі Маці Божай на шляху Апостальскага служэння. Няхай Найвышэйшы Святар Езус Хрыстус «умацуе вас у кожнай справе і добрым слове» (2 Тэс, 16), няхай адорыць Вас сваёй невычэрпнай нябеснай дапамогай і поспехам у служэнні святому Касцёлу і Божаму народу.
З малітвай,
✠ Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі