Пошук

15.12.2021 13:33   Тэкст: а. Сяргей Трысцень OCD / Фота: Анастасія Ксяндзова / Catholic.by

11 снежня ў цэнтры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы адбылася аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў Школы сямейнага жыцця.

Распачалася перадкалядная сустрэча супольнай Эўхарыстыяй, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

У гаміліі іерарх засяродзіў увагу на неабходнасці няспыннай перамены свайго жыцця ў наследаванні Езуса, каб так, як вялікія мужы — прарок Ілля і Ян Хрысціцель, — рупліва рабіць роўнымі сцежкі жыцця, каб яны вялі нас да Бога.

Арцыбіскуп падкрэсліў важнасць задання навучэнцаў Школы сямейнага жыцця, якія, набыўшы адпаведныя веды і досвед, дапамагаюць іншым будаваць сямейнае жыццё згодна з праўдай Евангелля і ў сваім асяроддзі распаўсюджваюць хрысціянскія каштоўнасці.

На заканчэнне святой Імшы іерарх пажадаў усім прысутным, згодна з вучэннем Папы Францішка, несці на далоні Евангелле ў свет, каб яно было даступным для кожнага чалавека.

Пасля Імшы дырэктар Школы сямейнага жыцця айцец Сяргей Трысцень OCD падзякаваў усім за супольную малітву і запрасіў прысутных на далейшае супольнае святкаванне. На пачатку сустрэчы студэнты, выкладчыкі і госці прынялі ўдзел у пастаноўцы каляднай батлейкі, якая ў чарговы раз наблізіла ўсім прысутным духоўны змест Божага Нараджэння.

Выкладчыкі і навучэнцы школы разам з іерархам спявалі калядкі, а потым арцыбіскуп Станеўскі прачытаў малітву благаслаўлення аплаткаў, дзелячыся якімі, удзельнікі сустрэчы абменьваліся святочнымі віншаваннямі і зычэннямі.

Пасля супольнага пасілку, якім завяршылася сустрэча, выкладчыкі і студэнты працягнулі працу і навучанне.

Абноўлена 15.12.2021 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.