Пошук

13.12.2021 16:57   Тэкст: Лілія Шайхова / Фота: Наталля Сідарэнка / Catholic.by

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Бабруйск, дзе ўзначаліў урачыстую цэлебрацыю ў адзінай каталіцкай святыні горада з нагоды парафіяльнага адпусту тытулу касцёла.

«Вельмі важна, што сёння мы можам засведчыць сваю малітоўную падтрымку Вашай актыўнай дзейнасці і падзякаваць Вам за духоўныя абдымкі, у якіх Вы трымаеце нас, нібы айцец», — такімі словамі вітаў шаноўнага госця пробашч бабруйскай парафіі ксёндз канонік Андрэй Яркавец.

У адказ арцыбіскуп запэўніў прысутных, што ён вельмі добра адчувае, як шчыра за яго моляцца, і як пан Бог адказвае на гэтыя малітвы любоўю.

У сваёй пранікнёнай гаміліі арцыпастыр падкрэсліў:

«Бог з’яўляецца Даўцам Жыцця. Але чалавек і сёння не слухае Бога, як гэта было з Адамам і Евай. Яны зграшылі, і гэты першародны грэх сёння нясе кожны з нас, з пакалення ў пакаленне. Гэта правіла, ад якого ніхто не можа адысці…

Аднак Марыя была пазбаўлена гэтага; Яна была зачатая без першароднага граху. Чаму? Бо яна павінна была стаць Маці Хрыста. А Хрыстус — гэта святасць, якая не можа мець нічога супольнага з грахом, таксама, як белае адзенне не можа датыкацца да бруду, бо яно забрудзіцца.

Такім чынам, Марыя стала першым табернакулюмам. Моцаю будучых заслугаў Хрыста Яна была пазбаўлена першароднага граху яшчэ да таго, як з’явіўся сакрамант хросту, які змывае з хрысціянаў пляму першароднага граху», — падкрэсліў заслужаны іерарх.

Арцыбіскуп нагадаў таксама гісторыю з’яўлення догмату Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

«Гэта была другая палова ХІХ стагоддзя, у свеце адбылася тэхнічная рэвалюцыя, людзі з вёсак пераязджалі ў гарады. Так, там больш працы, але больш і граху, больш адступлення ад Божага закону.

Каб адказаць на тыя выклікі часу, з’яўляецца фігура Беззаганнай: Той, якая без граху, якая згадзілася з Божай воляй, не адкінула яе і засталася вернай да канца.

Марыю ніхто не прымусіў сказаць „так“. Бог стварыў чалавека свабодным і хоча, каб ён быў сапраўды свабодным. Гэта быў Яе выбар», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што «сёння, у ХХІ стагоддзі, Бог таксама пытаецца нас: „Адам, — што азначае чалавек, — дзе ты? Ці ты стаіш перада Мною, не баішся Мяне, ці ўцякаеш ад Мяне ў страху? Ты голы ці апрануты?“ Гаворка ідзе не пра матэрыяльную вопратку, а пра духоўнае адзенне: ці апранута нашая душа ў годнасць.

Падчас Адвенту, калі мы рыхтуемся да святаў Божага Нараджэння, павінны задаць сабе пытанні: ці стаім мы перад Богам ў нашым духоўным аддзенні? Ці заўсёды згаджаемся сказаць, як Марыя, Fiat — „няхай станецца Твая воля“? Ці заўсёды мы выконваем Божую волю? Ці не забыліся мы, што зямля — гэта толькі „стартавая пляцоўка“ ў вечнасць?» — прапанаваў пытанні для роздуму заслужаны іерарх, заахвоціўшы вернікаў у духоўным жыцці браць праклад з Марыі.

«Калі будзем жыць па прыкладу Марыі, свет пераменіцца, і Бог дасць нам новае жыццё: жыццё ў Божай ласцы, якая патрэбная для вырашэння ўсіх праблем і для нашага збаўлення», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Разам з бабруйскімі вернікамі заслужаны іерарх скіраваў праз Беззаганную Багародзіцу просьбы да Пана Бога аб патрэбных ласках для ўсіх жыхароў нашай краіны і аб благаслаўленні на шчаслівую будучыню.

Абноўлена 13.12.2021 16:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.