Пошук

06.12.2021 11:33   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

4 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі упершыню наведаў парафію святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат), дзе ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць у гонар нябеснага апекуна тутэйшай каталіцкай супольнасці — адной з найстарэйшых у архідыяцэзіі.

Вітаючы арцыпастыра ў велічнай свірскай святыні, шматгадовы пробашч парафіі ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі, зазначыў, што ў наступным годзе будзе адзначацца 570-я гадавіна пабудовы ў мястэчку першага драўлянага касцёла, на месцы якога праз дзвесце гадоў была ўзведзена мураваная святыня, моцна пашыраная на пачатку ХХ стагоддзя.

Словы прывітання святар скіраваў таксама прысутным святарам з наваколля і семінарыстам першага курса, якія прыбылі на ўрачыстасць у Свір разам са сваімі куратарам ксяндзом Паўлам Эйсмантам.

У адказ арцыбіскуп Станеўскі зазначыў, што ўрачыстасць у Свіры адбываецца ў лепшых традыцыях рэлігійных фэстаў, бо на яе з’ехаліся святары і госці з усяго наваколля, і нават з суседняй Гродзенскай дыяцэзіі.

Прывітаўшы прысутных і падзякаваўшы свірскім вернікам на чале з іх душпастырам за запрашэнне і малітву ў яго інтэнцыі, арцыпастыр ўзначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі, молячыся за ўсіх парафіянаў — жыхароў мястэчка Свір і навакольных вёсак, каб праз заступніцтва святога Мікалая былі захаваныя ад усялякага зла і атрымалі патрэбныя Божыя ласкі.

«Святы, святы, святы, Пан Магуццяў», — распачаў іерарх гамілію словамі з першага імшальнага чытання з кнігі прарока Ісаі.

Адзначыўшы, што святасць — гэта сутнасць Бога, арцыбіскуп нагадаў пра пакліканне да святасці кожнага чалавека, створанага паводле вобразу Божага. Ён дадаў, што разнастайныя прыклады паспяховай рэалізацыі гэтага паклікання мы бачым у шматлікіх святых, якіх ушаноўвае Касцёл і сярод якіх асаблівае месца займае Абраннік Найсвяцейшай Панны Марыі святы Юзаф. На заканчэнне прысвечанага яму года, пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі следам за Папам Францішкам заахвоціў вернікаў імкнуцца да святасці не паасобку, сваімі ўласнымі сіламі, а ўзяць у спадарожнікі на гэтым няпростым, але захапляльным шляху святога Юзафа, апекуна паўсюднага Касцёла.

«У яго мы вучымся верна выконваць Божую волю і ў штодзённых справах нашага жыцця несці Евангелле на далоні, як рабіў гэта таксама святы Мікалай — добры пастыр даручанага яму Божага народа», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі.

Нагадаўшы некалькі эпізодаў з легендарнага жыцця святога біскупа з Мір Лікійскіх, іерарх заўважыў, што яны сведчаць пра ўменне Мікалая бачыць Хрыста ў абліччы кожнага сустрэтага чалавека, асабліва патрабуючага.

«Аднойчы ён падкінуў тры мяшочкі з золатам тром бедным дзяўчатам, бацька якіх не мог даць ім пасагу, і чый лёс з-за гэтага быў бы незайздросным. Дзякуючы такому шчодраму дару гонар сям’і быў уратаваны, і дзяўчаты маглі шчасліва выйсці замуж.

Але ж галоўным у гэтым дары было не золата, а тое, што біскуп Мікалай падаў людзям Евангелле на далоні — Добрую Вестку пра бязмежную Божую любоў да кожнага чалавека», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі.

Іерарх, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце з’яўляецца адказным за моладзь, асаблівым чынам звярнуўся да маладых парафіянаў, прысутных на Імшы.

Арцыбіскуп зазначыў важнасць падтрымання сувязі пакаленняў для перадачы веры і сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцяў, а таксама заахвоціў юнакоў і дзяўчат па прыкладу святога Мікалая імкнуцца да святасці ў рэалізацыі свайго жыццёвага паклікання, несучы братам і сёстрам Евангелле на далоні.

Уражаны ўнушальнымі памерамі велічнай свірскай святыні, на заканчэнне гаміліі арцпастыр пажадаў мясцовым вернікам, каб у гэтым касцёле, пабудаваным іх пабожнымі продкамі, заўсёды абвяшчалася Евангелле Езуса Хрыста, здзяйсняліся збаўчыя сакрамэнты і ніколі не змаўкаў радасны вокліч: «Святы, святы, святы, Пан Бог усемагутны!»

Прадстаўнікі парафіі падзякавалі свайму маладому арцыбіскупу за супольную малітву і паабяцалі маліцца за яго, каб праз заступніцтва і па прыкладу святога біскупа Мікалая ён паспяхова спраўляўся з цяжарам ускладзенага на яго арцыпастырскага служэння.

Згодна з традыцыяй, пасля Імшы самыя маленькія парафіяне атрымалі салодкі пачастунак ад святога Мікалая.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа