Пошук

01.12.2021 11:11   Фота: Ганна Руткоўская / Catholic.by

30 лістапада, у свята святога апостала Андрэя, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Лынтупы — беларускае мястэчка на мяжы з Літвой, дзе ўзяў удзел у парафіяльным фэсце і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе мясцовых вернікаў.

Вернікі парафіі даўняга Віленскага краю, якая цяпер адносіцца да Пастаўскага дэканату Віцебскай дыяцэзіі, на чале са сваім пробашчам ксяндзом Аляксандрам Баранам шчыра прывіталі арцыпастыра як дарагога госця — хлебам-соллю. З нагоды адпустовай урачыстасці, заслужаны іерарх узначаліў у лынтупскім касцёле святога Андрэя цэлебрацыю адпустовай святой Імшы.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп засяродзіўся на місіі апосталаў і іх наступнікаў абвяшчаць Евангелле ўсяму свету.

«Дзякуючы гэтаму Добрая Вестка прыйшла на нашу зямлю, і наша Бацькаўшчына ўключылася ў хрысціянскую Еўропу», — зазначыў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што Езус паклікаў Андрэя, каб гэтага простага рыбака зрабіць лаўцом чалавечых душаў.

«Да канца свайго жыцця Андрэй заставаўся верным Хрысту і перад смерцю абняў крыж са словамі: „Вітай, крыжу, адзіная мая надзея“. Сваё жыццё завяршыў мучаніцкай смерцю на крыжы ў кшталце літары „Х“. Гэты крыж увайшоў у гісторыю хрысціянства як „Андрэеўскі крыж“», — сказаў іерарх, дадаўшы, што часта свята ў гонар святога Андрэя асацыюецца з папулярнымі забавамі моладзі перад пачаткам Адвэнту — андрэйкамі.

«Але перадусім святы Андрэй нясе пасланне хрысціянскай веры і місію абвяшчэння Евангелля, якая вядзе да плённых і жывых адносін з Езусам, што вельмі важна людзям ХХІ стагоддзя. Гэтае заданне стаіць перад намі ў часы новай евангелізацыі. Менавіта таму Папа Францішак імкнецца разбудзіць нас з летаргічнага сну інэртнасці, каб нагадаць пра заданне сваім жыццём абвяшчаць Добрую Навіну і весці іншых да Езуса», — падкрэсліў арцыпастыр.

Падчас Імшы групе вернікаў быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі. Тых, хто яго прымаў, арцыбіскуп Кандрусевіч запрасіў «адкрыцца дзеянню Святога Духа і напоўніцца Ягонай моцай з мэтаю бараніць веру і быць сведкамі Евангелля».

«Сакрамэнт канфірмацыі — гэта не фармальнасць: маўляў, трэба прыняць, бо такая традыцыя. Гэта старт новаму жыццю ў Святым Духу. Апосталы пасля Пяцідзесятніцы змяніліся: з баязлівых сталіся мужнымі прапаведнікамі веры і яе абаронцамі. Таксама і мы павінны змяніцца і насуперак секулярным тэндэнцыям сведчыць пра Хрыста і Яго Евангелле ў штодзённым жыцці. Толькі тады мы зможам паспяхова вырашаць надзённыя праблемы, прычынай якіх з’яўляецца грэх і наша нявернасць Хрысту», — сцвердзіў іерарх.

Сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч традыцыйна завяршыў кароткай малітвай: «Святы апостал Андрэй, у складаны час нашай гісторыі выпрасі нам і нашаму народу ў Бога ласку быць апосталамі ХХІ стагоддзя, захоўваць скарб веры і бараніць яе, а прыкладам годнага хрысціянскага жыцця весці людзей да Хрыста, у якім наша надзея і збаўленне».

Абноўлена 01.12.2021 11:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа