Пошук

22.11.2021 13:08   Фота: Міхаіл Шчэрба / Catholic.by

21 лістапада ў касцёле Святой Сям’і ў Лідзе адбыліся ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя служэння cясцёр з Кангрэгацыі дачок Марыі Беззаганнай у Беларусі.

Павіншаваць сясцёр прыбылі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары і шматлікія вернікі з Ліды і іншых мясцін.

Кульмінацыяй святкавання стала святая Імша падзякі Богу, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Напачатку заслужаны іерарх павіншаваў сясцёр з юбілеем і падзякаваў за ахвярнае служэнне на ніве Хрыстовай.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр нагадаў, што заснавальнікам гэтай законніцкай супольнасці стаў благаслаўлёны Ганарат Казмінскі, польскі капуцын.

«Ён своечасова прачытаў знакі часу і адказаў на іх. Калі Касцёл у царскай Расіі пераследаваўся, калі было забаронена манаскае жыццё, тады ў капуцынскім кляштары нарадзілася незвычайная законніцкая супольнасць сясцёр: дочкі Беззаганна Зачатай Марыі. Адметнасцю новай супольнасці стала адсутнасць кляштара, адмысловага манаскага адзення і жыццё ў свеце.

Выконваючы сваё служэнне там, куды цяжка трапіць святару і манахам, сёстры сталі соллю зямлі і святлом свету, а таксама евангельскай закваскай, якая пераменяе сэрцы людзей. Менавіта таму сясцёр з гэтай незвычайнай кангрэгацыі называюць „анёламі ахоўнікамі“», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён дадаў, што такая «непрыкметнасць» сясцёр спрыяла таму, што і ў савецкія часы ваяўнічага атэізму і пераследу Касцёла яны працягвалі патаемна служыць людзям, практыкуючы два кірункі апостальства, уласцівыя харызме іх кангрэгацыі: грамадска-дабрачынную і апякунча-выхаваўчую дзейнасць.

Сёстры «непакалянкі» (ад польскай назвы кангрэгацыі) у 1921 годзе распачалі працу пры парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.

«У часы ганенняў на веру яны актыўна ўключыліся ў патаемную катэхізацыю дзяцей і патрыхтоўку да сакрамэнтаў, пры гэтым афіцыйна дзесьці яшчэ працавалі.

У новых абставінах свабоды веравызнання і адначасова секулярызацыі яны выхоўваюць новага чалавека на хрысціянскіх каштоўнасцях», — сцвердзіў заслужаны іерарх, дадаўшы, што «сучасны свет знаходзіцца ў маральнай цемры і патрабуе святла Евангелля».

«Змяняюцца часы, але харызма гэтай законніцкай супольнасці не змяняецца і застаецца актуальнай, бо сучаснаму чалавеку таксама патрэбныя „анёлы ахоўнікі“, якімі становяцца сёстры з супольнасці дачок Марыі Беззаганнай», — падкрэсліў арцыпастыр.

Іерарх, які асаблівым чынам прычыніўся да адраджэння Касцёла ў Беларусі пасля трох пакаленняў ганення на веру, выказаў шчырую падзяку сваім сціплым супрацоўніцам у гэтай вялікай Божай справе, а таксама скіраваў ім словы пажадання:

«Дарагія сёстры! Давяраючы сваё служэнне Беззаганнай Марыі, заставайцеся вернымі вашай харызме — грамадска-дабрачыннай і апякунча-выхаваўчай місіі.

Толькі на дзвюх нагах чалавек стаіць устойліва. Няхай ваша падвойная місія будзе тымі „нагамі“, на якіх вы будзеце стаяць устойліва і паспяхова выконваць ускладзенае на вашыя плечы Божым Провідам заданне.

Імкніцеся да святасці і дапамагайце іншым духоўна ўдасканальвацца, каб будучыня нашага грамадства была напоўнена евангельскімі каштоўнасцямі», — сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Шмат віншаванняў і шчырых пажаданняў з нагогды юбілею сёстры атрымалі таксама ад іншых удзельнікаў урачыстасці ў Лідзе.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.