16 лістапада, ва ўрачыстасць галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Вастрабрамскай, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне, дзе ў гэты дзень адзначалася адпустовая ўрачыстасць.
Абраз Божай Маці Міласэрнасці змешчаны ў галоўным алтары святыні, у якой пастыр Касцёла на Гродзеншчыне ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, агарнуўшы малітвай праз заступніцтва Марыі даручаны яго пастырскай апецы Божы народ Гродзенскай дыяцэзіі.
Удзельнікі Эўхарыстыі ў памежным Сапоцкіне памаліліся таксама ў інтэнцыі мігрантаў, якія знаходзяцца на беларуска-польскай граніцы, і за ўсіх, ад каго залежыць вырашэнне гэтага гуманітарнага крызісу.
Як паведамляе Grodnensis.by, прысутныя прасілі добрага Бога, каб сколаданая сітуацыя была як найхутчэй вырашана мірным шляхам, з пашанай да жыцця і годнасці кожнага чалавека.
У прамоўленай гаміліі біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што Найсвяцейшая Маці запрашае ўсіх кожны раз нанава адкрываць таямніцу Божай Міласэрнасці, якая аб’яўляецца ў адвечным плане збаўлення чалавека. У гэтым Божым плане збаўлення Марыя мае асаблівую ролю, спаўняе выключную, вызначаную Божым Провідам задачу.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што Марыя мае права на тытул Маці Міласэрнасці, бо з любоўю глядзіць на кожнага чалавека, асабліва таго, які знаходзіцца ў патрэбе, а стоячы пад крыжам Збаўцы пры Яго кананні, Яна стала Маці ўсіх людзей і ўсяго Касцёла.
«Кожны, хто ўшаноўвае Марыю як Маці Збаўцы, жадае з Ёю размаўляць, жадае адкрываць перад Ёю найглыбейшыя тайнікі сэрца, жадае аддаць у Яе мацярынскія, поўныя любові і клопату рукі ўсе свае турботы і непрыемнасці, нягоды і смутак, сумненні і праблемы», — сказаў іерарх.
Па словах біскупа, кожны чалавек жыве быццам на памежжы двух светаў: унутранага, дзе адбываецца ціхі дыялог з Панам Богам, дзе чалавек моліцца, засяроджваецца перад Марыяй, каб атрымаць такую патрэбную Божую моц, і знешняга, поўнага занятасці, працы і клопатаў.
«Нам трэба вельмі дбаць аб тым, каб ніводзін з гэтых светаў не зачыніўся перад намі. Нам трэба так жыць і дзейнічаць, каб захаваць паміж гэтымі двума светамі неабходную раўнавагу», — адзначыў іерарх.
Завяршаючы гамілію, біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў усіх прысутных у святыні даручыць Маці Божай усё тое, што ляжыць у іх на сэрцы, бо «кожная ласка з неба сыходзіць на зямлю праз рукі Марыі».
Урачыстасць завяршылася Эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла, а пробашч парафіі ксёндз Антоні Абухоўскі падзякаваў усім за дар супольнай малітвы.