14 лістапада пад лозунгам «Бедныя заўсёды з намі» у Касцёле адзначаўся Пяты Сусветны дзень бедных. З гэтай нагоды былі арганізаваны акцыі ў падтрымку патрабуючых таксама ў Беларусі.
У пасланні на сёлетні Дзень бедных Папа Францішак, між іншым, напісаў: «Калі вернікі жадаюць асабіста ўбачыць Езуса, дакрануцца да Яго, яны ведаюць, што рабіць: менавіта бедныя з’яўляюцца таямніцай Хрыста, яны прадстаўляюць Яго асобу і накіроўваюць да Яго». Святы Айцец заклікаў усіх людзей добрай волі знаходзіць і пазнаваць Езуса ў жыцці бедных, бо яны, паводле Пантыфіка, «сапраўдныя евангелізатары, таму што былі першымі пакліканымі падзяліць благаслаўленне Пана і Яго Валадарства».
Адгукнуўшыся на словы Папы Францішка, сёстры місіянеркі Святой Сям’і ў Доме міласэрнасці пры кляштары ў Баранавічах наладзілі святкаванне Дня бедных для тых, хто знаходзіцца ў нястачы.
Сёлета ў сувязі з пандэміяй каранавірусу фармат правядзення мерапрыемства быў зменены: не было ўрачыстага святкавання (канцэрта, спеваў і танцаў). Кожны з прысутных — а іх было 40 асоб — атрымаў гарачы пасілак і пачастунак на вынас. Цэлебравалася таксама святая Імша ў інтэнцыі бедных, бяздомных, мігрантаў і ўсіх патрабуючых.
Папа Францішак выказаў надзею, што Сусветны дзень бедных, які адзначаўся ўжо ў пяты раз, «будзе ўсё больш укараняцца ў нашых Касцёлах, сустракаючы бедных там, дзе яны знаходзяцца».
«Будзем жа мець адкрытыя сэрцы, здольныя бачыць боль і патрэбы найбяднейшых», — запрашаюць усіх сёстры місіянеркі з Баранавічаў.