Пошук

05.11.2021 11:49   Паводле: ave-maria.by

Выйшаў з друку лістападаўскі нумар часопіса «Ave Maria», у якім змешчаны матэрыялы, прысвечаныя важным падзеям жыцця Касцёла.

Анонс новага нумару падае сайт выдання ave-maria.by.

У кастрычніку ва ўсіх дыяцэзіях свету распачаўся сінадальны працэс — інтэнсіўная падрыхтоўка да скліканай Папам Францішкам на восень 2023 года XVI Звычайнай Асамблеі Сіноду Біскупаў. Пастаянны аўтар часопіса ксёндз Андрэй Рылка тлумачыць, што такое Сінод і якія задачы перад ім ставяцца.

23 кастрычніка афіцыйна ўступіў на пасаду новапрызначаны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбікуп Юзаф Станеўскі. На старонках лістападаўскага нумару, на вокладцы якога — здымак з урачыстасці, чытачы знойдуць рэпартаж, прысвечаны гэтай значнай для жыцця мясцовага Касцёла падзеі.

У лістападзе вернікі традыцыйна прысвячаюць больш часу малітве за памерлых. Тэме пераходу ў вечнае жыццё прысвечана пастаянная рубрыка «Школа малітвы», якую вядзе айцец Юрый Кулай OCD.

Набліжаецца Адвэнт, і ў лістападаўскім нумары надрукаваны каляндар з заданнямі, якія дапамогуць лепш падрыхтавацца да ўрачыстасці Божага Нараджэння.

Сёлета напрыканцы лістапада распачынаецца вялікая дзевяцігадовая навэнна — падрыхтоўка да 200-й гадавіны аб’яўленняў Маці Божай святой Кацярыне Лябурэ. Пра гэтыя падзеі і звязанае з імі з’яўленне цудоўнага Марыйнага медаліка таксама знаёміць лістападаўскі нумар часопіса, на вокладцы якога змешчаны тэкст навэнны.

У гэтым жа нумары з’явілася некалькі матэрыялаў на вельмі важныя і сур’ёзныя тэмы, якія турбуюць хрысціянаў ва ўсім свеце. Ксёндз доктар Юрый Дрозд піша пра пераслед хрысціянаў, які адбываецца ў нашыя дні. Айцец дамініканін Крыштаф Коц’ян ОР падрабязна тлумачыць, чым выклікана з’яўленне папскага дакумента ў форме motu proprio «Traditionis custodes», звязанае з абмежаваннямі практыкі служэння Імшы паводле надзвычайнай формы Рымскага абраду. Айцец Яўген Голуб OFMConv разважае пра «катакомбы веры» сучаснага хрысціяніна і пра тое, што адбываецца, калі з іх выйсці.

Адказамі на некаторыя «нязручныя пытанні» з жыцця Касцёла дзеліцца з чытачамі ў інтэрв’ю ксёндз канонік Ігар Лашук, пробашч парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах.

Галіну Горскую турбуюць асобныя праявы недастатковай пашаны да Найсвяцейшага Сакрамэнту, а каталіцкі актывіст Арцём Ткачук разважае аб праблеме слабасцяў людзей Касцёла, што часам нават выклікаюць у некаторых вернікаў сумневы ў прававернасці каталіцкага вучэння.

Тэрэса Клімовіч прапануе чытачам глыбей пазнаёміцца з хрысціянскай медытацыяй — формай малітвы, якая мае свае вытокі ў сярэднявечнай манаскай традыцыі lectio divina і якую, у сваю чаргу, святы Ігнацый Лаёла пераняў і адаптаваў у сваіх «Духоўных практыкаваннях».

Матэрыял Вольгі Адамовіч «Ружанец — меч Пана» працягвае серыю артыкулаў з гісторыі ружанцовай малітвы.

Паэтычную рубрыку часопіса аздабляюць вершы і пераклады Ірыны Багдановіч.

Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» дзякуе чытачам за ўсе дасланыя лісты.

З рэдакцыйнай пошты ў гэтым нумары публікуецца глыбокае асабістае сведчанне шляху да веры, якім падзялілася Марыя Качаноўская з пасёлка Негарэлае.

Абноўлена 25.11.2021 12:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа