16 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, што на Астравеччыне, манахі кармэліты босыя Рэгіянальнага вікарыяту ў Беларусі развіталіся са сваім спачылым сабратам айцом Леанардам ад Божай Любові (Леанардам Цеханоўскім).
Святар адышоў у вечнасць 13 кастрычніка ў цішыні сваёй манаскай келлі ў кляштары ў Гудагаі, дзе праслужыў 21 год.
На пахавальную цырымонію прыбылі іерархі Касцёла ў Беларусі: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Апостальскі Адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец ОР і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне ўзначаліў цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы, у якой бралі ўдзел таксама шматлікія святары, законныя сёстры і вернікі, з якімі і для якіх служыў айцец Леанард, калі нёс Божую Любоў на беларускай зямлі.
Вернікі гудагайскай парафіі, з Градоўшчыны, з Нарачы і з іншых мясцін прыйшлі, каб развітацца з руплівым душпастырам, падзякаваць Пану Богу за дар яго жыцця і папрасіць Божай міласэрнасці для душы спачылага кармэліта.
На пачатку пахавальнай святой Імшы настаяцель манаскай супольнасці ў Гудагаі айцец Юрый Находка OCD скіраваў словы прывітання да ўсіх прысутных. У прамоўленай гаміліі айцец Пётр Фраштэнга OCD, Рэгіянальны вікарый кармэлітаў босых у Беларусі, узгадаў пра жыццёвы шлях спачылага айца Леанарда, які нарадзіўся і правёў дзяцінства і маладосць у невялікім польскім горадзе Бранску.
«63 — столькі гадоў пражыў ён на зямлі; 37 — гэта гады, на працягу якіх ён хадзіў у кармэліцкім габіце; 33 — гэта гады святарства. 21 год, пачынаючы з 2001 года, — гэта ціхае служэнне, спачатку ў Нарачы, а потым, ажно да смерці, тут, у Гудагаі ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай», — падсумаваў у лічбах жыццёвы шлях айца Леанарда яго сабрат.
Айцец Пётр адзначыў таксама, што браты і вернікі ўспамінаюць спачылага як чалавека, адданага Ордэну і святарству.
«Ён быў руплівы ў манаскім жыцці, цёплы, вясёлы і зычлівы для іншых, маючы адначасова свае духоўныя і фізічныя змаганні. Але Бог ласкавы і міласэрны, таму просім аб ласцы Неба для спачылага Ягонага слугі», — сказаў Рэгіянальны вікарый беларускай супольнасці кармэлітаў босых.
Пасля заканчэння пахавальнай святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў абрад развітання з памерлым у касцёле. Потым у працэсіі, згодна з традыцыяй, браты кармэліты занеслі труну з целам свайго сабрата на прыкасцёльныя могілкі, дзе ў малітоўнай атмасферы пад спеў Salve Regina быў пахаваны айцец Леанард ад Божай Любові, кармэліт босы.