Пошук

15.10.2021 15:38   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Прызначаны арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які 23 кастрычніка кананічна ўступіць на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, звярнуўся са Словам на заканчэнне свайго служэння ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
на заканчэнне служэння ў Гродзенскай дыяцэзіі

«Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён» (Ян 15, 16).

Ваша Эксцэленцыя, шаноўны біскуп Аляксандр, паважаныя браты ў святарстве, дарагія браты і сёстры законныя, дарагія семінарысты, браты і сёстры, вернікі дыяцэзіі і жыхары Гродзеншчыны!

У чарговы раз Хрыстус, Пан і Настаўнік, наблізіўся да «берага майго жыццёвага возера» са сваім заклікам: «Ідзі за Мной» ( 4, 18) і запрасіў да служэння ў Касцёле Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гэтае запрашэнне Хрыстус Пан скіраваў мне праз служэнне Пятра нашага часу Святога Айца Францішка, які ў гэты неспакойны час быццам адрасуе мне словы заахвочвання, зачэрпнутыя з Апостальскага ліста Patris corde на Год святога Юзафа, які мы цяпер перажываем: «Калі Бог пасылае цябе ў дарогу і прызначае новае заданне, не заставайся адзін, не разлічвай толькі на свае здольнасці, запрасі святога Юзафа. Учыні яго сваім апекуном перад Богам і паплечнікам у дарозе. Ён навучыць цябе найважнейшым рэчам <…>, даверу і служэнню, што з’яўляюцца падмуркам наладжанага асабістага, сямейнага і грамадскага жыцця, а таксама спаўненнем даверанай Богам місіі».

Заканчваючы маё служэнне ў роднай дыяцэзіі, дзе мне было дадзена ўзрастаць, потым адкрываць пакліканне да святарства, а пасля служыць больш за 25 гадоў як святару і дапаможнаму біскупу, я хацеў бы найперш выказаць удзячнасць Пану Богу за ўсялякае дабро, якое стала маім удзелам.

Словы ўдзячнасці адрасую Папу Францішку, дзякуючы за давер да маёй асобы. Жадаю выказаць гэтыя словы ўсім, дзякуючы каму я ёсць тым, кім ёсць. Бацькам — за дар жыцця і веры, найбліжэйшым родным і суседзям — за спадарожнічанне. Дыяцэзіяльнай супольнасці на чале з яе пастырам біскупам Аляксандрам Кашкевічам, святарам і айцам законным: жывым — за супольнае вандраванне, а памерлым — за прыклад вернага трывання пры алтары Пана. Дзякую сёстрам і братам законным за дар малітвы.

Асаблівую падзяку скіроўваю сям’і Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з рэктарам за супольнае прабыванне пад адным дахам і ўтварэнне «супольнасці дванаццаці». Словы падзякі выказваю моладзі, такой блізкай майму сэрцу, разам з заахвочваннем: «Хрыстус жыве і хоча, каб ты жыў! Ён у табе, Ён з табой і ніколі цябе не пакіне» (Christus vivit, 1–2). Прашу вас у чарговы раз за Папам Францішкам: зрабіце Касцёл маладым вашай маладосцю!

Дзякую ўсім жыхарам Гродзеншчыны за «дыялог і сацыяльнае сяброўства», за «цуд ветлівасці», што, як «зорка ў цемры», «вызваляе ад жорсткасці, страху і рассеянай паспешлівасці», якія пераважаюць у сучасным свеце.

Браты і сёстры! Усе мы браты. Усе мы браты і сёстры. Усе! Пра гэта нам пастаянна нагадвае Папа Францішак. Усе мы, па яго словах, з’яўляемся салідарна адказнымі за будаўніцтва грамадства, здольнага далучаць, інтэграваць і суцяшаць тых, хто пакутуе (пар. Fratelli tutti, 77).

Дзякуючы вам за супольны шлях да неба, прашу аб малітве за ўсіх тых, да каго пасылае мяне Хрыстус Пан, каб згодна са сваім пастырскім дэвізам я мог з верай абвяшчаць радасць Евангелля, што Хрыстус жыве!

Ваш брат
✠Юзаф

Гродна, 14 кастрычніка 2021 г.

P.S. Шаноўных ксяндзоў пробашчаў і адміністратараў парафій прашу прачытаць гэтае Cлова вернікам у нядзелю 17 кастрычніка падчас кожнай святой Імшы.

Абноўлена 15.10.2021 16:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.