Пошук

14.10.2021 13:39   Тэкст і фота: Жанна Закрэўская / Kascelmery.by / Catholic.by

З 3 па 10 кастрычніка ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах (Віцебская дыяцэзія) прайшлі Святыя місіі, якія правялі для вернікаў супольнасці ксяндзы рэдэмптарысты Віктар Бохан і Эдвард Пяцельчыц.

Пра тое, як парафіяльная супольнасць перажыла Місіі, апавядаецца на сайце мёрскай парафіі Kascelmery.by.

Распачаліся Місіі ў нядзелю з сімвалічнай перадачы на гэты асаблівы перыяд душпастырскай улады ў парафіі святарам місіянерам.

Пробашч мёрскай парафіі ксёндз Андрэй Кулік сустрэў іх пры ўваходзе ў касцёл, а потым ад алтара звярнуўся з прывітальным словам і перадаў місіянерам стулу — сімвал святарскай улады, а таксама ключы ад святыні.

Праграма Місій была даволі насычанай. Кожнае набажэнства распачыналася з запальвання пасхала — вялікай свечкі, што з’яўляецца сімвалам уваскрослага Езуса Хрыста, жывога Бога. Штовечар вернікі збіраліся на Марыйны заклік, падчас якога супольна маліліся на ружанцы за ўсю краіну, парафію, сем’і, дзяцей, а потым, запаліўшы ад пасхала прынесеныя свечкі, спявалі песні ў гонар Маці Божай.

Кожны дзень місій меў сваю тэматыку і вылучаўся адмысловымі набажэнствамі. У панядзелак пасля вечаровай святой Імшы адбыўся Крыжовы шлях па вуліцах горада. Ідучы пакутным шляхам Хрыста, вернікі разважалі над тым, што іх у штодзённым жыцці найбольш аддаляе ад Бога. Па чарзе несучы крыж ад стацыі да стацыі, удзельнікі набажэнства змянялі адзін аднаго: мужчыны, жанчыны, моладзь, дзеці… Да апошняй стацыі крыж неслі святары.

У трэці місійны дзень не было Эўхарыстыі, а цэлебравалася пакутнае набажэнства. Асабліва кранальным стаў момант перапрашэння за грахі.

Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік папрасіў прабачэння ў парафіяльнай супольнасці за свае ўчыненыя грахі і занядбанні, а таксама за правіны іншых святароў, якія працавалі ў парафіі.

У знак пакоры перад Панам Богам ён крыжам лёг на падлогу перад Найсвяцейшым Сакрамантам, а парафіяльная супольнасць на каленях перапрашала за грахі. Да Пана Бога ўзносіліся не толькі словы перапрашэння, але і падзякі за дар жыцця, за ўсе атрыманыя ласкі, за магчымасць прымаць сакрамэнты.

Чацвёрты дзень Святых місій быў асаблівым чынам прысвечаны паяднанню з Богам. На працягу дня вернікі мелі магчымасць прыступіць да споведзі, каб ачысціць свае сэрцы і годна прыняць Езуса Хрыста ў Камуніі.

На наступны дзень падчас Імшы адбывалася адарацыя крыжа.

Кожны прысутны, трымаючы правую руку на сэрцы, у цішыні выракся граху і вызнаў сваю веру ў Бога, а потым, стоячы на каленях перад крыжам, мог сказаць: «Езус мой Пан».

Святочным і радасным стаў шосты дзень Місій, які асаблівым чынам быў прысвечаны сям’і. У гэты дзень адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў. Пары рознага ўзросту, з розным сямейным стажам, некаторыя разам з дзецьмі прыйшлі, каб адзначыць свята сям’і. 30 сужэнскіх пар, гледзячы адзін аднаму ў вочы і трымаючы сужонка за руку, паўтарылі словы прысягі, папрасілі прабачэння адзін у аднаго і выказалі словы любові.

На наступны дзень на ранішняй Эўхарыстыі быў удзелены сакрамант Намашчэння хворых. Вернікі старэйшага ўзросту, а таксама хворыя праз намашчэнне святым алеем узмацніліся духоўна, каб па-хрысціянску прыняць хваробы і цярпенні. На Імшы ўвечары праз акт прысвячэння парафіі Маці Божай парафіяльная сям’я была даручана апецы Панны Марыі.

У нядзелю 10 кастрычніка на святой Імшы апоўдні адбылося ўрачыстае завяршэнне святых Місій. Распачалася Эўхарыстыя з ўуталявання місійнага крыжа на цвінтары касцёла. Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік благаславаіў місійны крыж, а таксама крыжы, якія прынеслі парафіяне. Трымаючы іх высока ўзнятымі, вернікі памаліліся за парафію, сем’і, дзяцей і моладзь, за тых, хто жадаў, але не змог удзельнічаць у Місіях; за людзей хворых і самотных, а таксама за тых, хто свядома не пажадаў прыняць Божых ласкаў, каб яны знайшлі шлях да Бога.

Завяршылася Эўхарыстыя малітвай у інтэнцыі Святога Айца і бласлаўленнем місійнымі крыжамі.

На заканчэнне Імшы моладзь ад імя ўсёй парафіі выказала словы ўдзячнасці ксяндзам рэдэмптарыстам за правядзенне Святых місій.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа