Пошук

12.10.2021 15:20   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

11 кастрычніка ў парафіі святога апостала Юды Тадэвуша ў Лучаі (Пастаўскі дэканат, Віцебская дыяцэзія) прайшлі развітальныя абрады і пахаванне Ганны Рагіні, мамы ксяндза прэлата Аляксандра Рагіні — адзінага святара з Беларусі, які працуе на дыпламатычнай службе Святога Пасаду.

Цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ў лучайскім касцёле ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, аднакурснік па семінарыі ксяндза прэлата Аляксандра Рагіні, які цяпер нясе служэнне Дарадцы Апостальскай нунцыятуры ў Аргентыне і на пахаванне мамы прыляцеў з Буэнас-Айрэса.

У жалобнай цэлебрацыі бралі ўдзел ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі з Маладзечна і іншыя святары, у тым ліку аднакурснікі ксяндза Аляксандра, сярод якіх дырэктар Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё і парталу Vatican News ксёндз Аляксандр Амяльчэня з Рыма.

У прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч зазначыў, што смерць, якая была ворагам чалавека, праз смерць і ўваскрасенне Хрыста стала нашай сястрой, як казаў святы Францішак Асізскі, паколькі цяпер яна з’яўляецца пераходам ад зямнога жыцця да вечнага жыцця ў Божым Валадарстве. Іерарх цёплым словам згадаў спачылую Ганну Рагіню, якую даўно асабіста ведаў як жанчыну, глыбока адданую Касцёлу, шчырую, адкрытую і гасцінную, якая кожнага святара прымала, як свайго сына.

«Цяпер, знаходзячыся каля Божага трона, яна можа быць не толькі добрай матуляй, але і заступніцай для сваіх сыноў, адзін з якіх стаў святаром, і для ўсіх нас», — падкрэсліў біскуп.

На заканчэнне святой Імшы ён зачытаў слова спачування, якое скіраваў ксяндзу прэлату Аляксандру Рагіню Апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч.

«Ад імя кіраўніцтва і ўсіх супрацоўнікаў нашай Апостальскай нунцыятуры жадаю выказаць табе шчырыя спачуванні ў той глыбокай жалобе, якая спасцігла цябе і тваіх родных.

Разам з тым хачу запэўніць цябе ў маёй гарачай малітве за супакой душы дарагой матулі Ганны і аб падтрымцы для цябе і для ўсіх тваіх блізкіх», — напісаў свайму сабрату ў служэнні Святому Айцу прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне.

Пасля развітальных абрадаў у касцёле жалобная працэсія пешкі скіравалася на парафіяльныя могілкі, дзе адбылося пахаванне.

...Словы малітваў і спеваў адгукаліся ў восеньскім небе развітальнымі крыкамі пералётных птушак, што ляцелі ў вырай, і ў  іх гучала надзея на новую сустрэчу ў непрамінальнай вясне Уваскрасення.

Абноўлена 12.10.2021 16:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа