Пошук

06.10.2021 11:43   Тэкст: кс. Дзмітрый Барыла / Фота: Вольга Магала / Catholic.by

3 кастрычніка, у прыгожы сонечны дзень залатой восені на пачатку месяца, прысвечанага Ружанцу, у мястэчку Ракаў, што пад Мінскам, урачыста адзначылі 115-ю гадавіну пасвячэння касцёла Маці Божай Ружанцовай.

Тутэйшыя вернікі і госці ракаўскай парафіі разам з арцыбіскупам Тадэушам Кандрусевічам сабраліся на святочную Эўхарыстыю, каб падзякаваць за 115 гадоў, на працягу якіх парафіяльная святыня служыць людзям месцам сустрэчы з Богам і знакам перамогі Хрыста над сіламі цемры.

Парафія ў Ракаве ў пісьмовых крыніцах узгадваецца з XVI стагоддзя. Цэнтрам парафіяльнага жыцця ў мястэчку быў драўляны касцёл, які знаходзіўся на тым самым месцы, дзе цяпер узносіцца велічная святыня з цэглы.

Новы касцёл быў пабудаваны за два гады: 18 мая 1904 года быў закладзены вуглавы камень, а 1 кастрычніка 1906 года адбылося яго пасвячэнне.

У наш час пры будаўніцтве новай святыні за два гады складана атрымаць усе неабходныя для гэтага дазволы, не кажучы ўжо пра сам працэс будаўніцтва. Для Ракава — гэта сведчанне таго, як моцна людзі жадалі мець святыню; будавалі яе не для наведвання турыстаў, а як свой дом малітвы, дом сустрэчы з Богам.

Фота Аляксандры Шчыглінскай

…У першую нядзелю кастрычніка з самага ранку святыню ў Ракаве напаўняла ружанцовая малітва і спевы пад гучанне аргана. Гэтыя малітвы несліся далёка па мястэчку праз гукаўзмацняльную апаратуру з вежаў касцёла, заахвочваючы чалавека адарвацца ад пошуку толькі зямнога дабра і зірнуць угору, каб знайсці вечныя каштоўнасці.

Пасля ўрачыстага прывітання арцыпастыра пры браме святыні распачалася святочная Імша з нагоды 115-й гадавіны пасвячэння касцёла ў Ракаве і даручэння парафіі ў далейшую апеку Найсвяцейшай Панне Марыі Ружанцовай — галоўнай апякункі старадаўняга мястэчка.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у прывітальным слове і пасля ў гаміліі падкрэсліў тое, якім вялікім дарам з’яўляецца касцёл для парафіяльнай супольнасці. Заслужаны іерарх нагадаў, што Ракаў — гэта не толькі цікавы пункт на турыстычным шляху, але месца, праз якое праходзяць шляхі да Вільні і Гродна; гэта месца на пілігрымкавым шляху да Будслава, бо тут спыняюцца пілігрымы, якія ідуць да Маці Божай Будслаўскай з поўдня і захаду. Крыжы ракаўскай святыні, якія відаць здалёк, пазначаюць гэты шлях і паказваюць напрамак.

«Маці Божая Ружанцовая — Валадарка Ракава, моц і паратунак, тых хто звяртаецца да Яе. У цяжкія часы ганенняў за веру на нашых землях і ў іншых краінах вернікі вытрывалі, захавалі і абаранілі веру дзякуючы моцнай зброі – Ружанцу», — сцвердзіў арцыбіскуп, паказаўшы вернікам прыгожы ружанец, які ляжаў на алтары.

У моцных словах арцыпастыр заклікаў перамагаць зло дабром, замест цывілізацыі смерці, войнаў і тэрарызму будаваць цывілізацыю жыцця, любові і міру.

Не абмінуўшы і адно з самых вострых пытанняў сённяшняга жыцця ў Беларусі — цяжкі грамадска-палітычны крызіс, які працягваецца ўжо больш за год, — арцыбіскуп нагадаў, што яго магчыма пераадолець толькі на шляху дабра і дыялогу ў праўдзе.

Пасля гаміліі двое кандыдатаў у міністранты з ракаўскай парафіі атрымалі благаслаўленне ад арцыбіскупа Кандрусевіча і ўпершыню апранулі белае літургічнае адзенне — комжы, каб служыць пры алтары ў якасці міністрантаў.

Пасля пастырскага благаслаўлення, якое ўсім прысутным удзяліў арцыбіскуп Кандрусевіч, вернікі з вялікай радасцю і ўдзячнасцю Пану Богу і Маці Божай Ружанцовай вярталіся дадому, каб працягнуць святкаванне ў сямейным коле.

Абноўлена 06.10.2021 11:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця