Пошук

15.09.2021 15:29   Тэкст: Алена і Ілля Кіевіч / Фота: Ала Пятлiцкая / Catholic.by

У нядзелю 12 верасня ў Ганцавічах (Пінская дыяцэзія) адбылася сустрэча сем’яў Паўднёвага сектара руху Equipes Notre-Dame (ЭНД).

У гэты сонечны восеньскі дзень у Ганцавічы, невялікі палескі горад, прыехалі сем’і з розных куткоў Беларусі.

Распачалася сустрэча урачыстай святой Імшой, падчас якой да супольнасці далучылася яшчэ адна сям’я: Анна і Аляксандр Гаргуны.

Яны ўрачыста прынялі хартыю руху Equipes Notre-Dame і далі абяцанне жыць згодна з правіламі жыцця супольнасці.

Духоўны дарадчык сем’яў і пробашч ганцавіцкай парафіі ксёндз Ян Саламон у прамоўленым Божым слове адзначыў, што святасць — гэта пакліканне і мэта жыцця кожнага чалавека.

«Шлях да святасці доўгі, і невядома, што нас чакае ў дарозе. Сёння, калі мы выпраўляемся ў падарожжа, то вывучаем карту або ўключаем GPS.

Рух Equipes Notre-Dame і яго правілы жыцця — гэта штосьці накшталт навігатара, які дапамагае падарожным трымацца правільнага шляху», — падкрэсліў святар.

Пасля святой Імшы адбылася забаўляльная праграма са шматлікімі конкурсамі, якія дапамаглі адчуць сябе часткай вялікай духоўнай сям’і, а сужонкам стаць бліжэй адзін да аднаго.

Уражаннямі ад сустрэчы падзяліліся Наталля і Сяргей Бобка, адказныя за Паўднёвы сектар Руху.

«Гэта сапраўды было духоўна, шчыра і весела. Мы былі  вельмі радыя падчас сустрэчы прыняць у нашу духоўную супольнасць сям’ю Гаргун. Дзякуем усім, хто прысутнічаў, а гэта суполкі з Нясвіжа, Новай Мышы, Пінска, сябры з Мінска і, канечне, усім, хто далучыўся да арганізацыі гэтага мерапрыемства. Лічым, што гэта вялікае сведчанне нашай веры і жыцця ў Руху ЭНД», — адзначылі сужонкі.

Абноўлена 15.09.2021 15:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця