Пошук

15.09.2021 09:17   Паводле: Кс. Раман Вайцяховіч / Grodnensis.by

11 верасня ў фарным касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі благаславіў адноўлены арган.

Арган лідскай фары — апошні музычны інструмент, зроблены на тэрыторыі нашай краіны ў міжваенны перыяд.

Капітальны рамонт і рэстаўрацыя гістарычнага аргана, вырабленага ў чэрвені 1939 года фірмай «A. A. Homan, St. Jezierski w Warszawie», вяліся ў 2020–2021 гадах.

Ініцыятарам і спонсарам яго аднаўлення выступіў вядомы мецэнат і арганіст-аматар Юрый Зісер.

Як паведамляе Grodnensis.by, напачатку да прысутных звярнуўся пробашч лідскай Фары ксёндз канонік Уладзімір Гуляй, які прывітаў гасцей і падзякаваў усім, хто малітвамі, ахвярамі і працай дапамагаў у аднаўленні аргана.

Падчас абраду благаслаўлення біскуп Юзаф Станеўскі скіраваў да аргана ўрачысты зварот, заклікаўшы яго абуджаць і ўзносіць праз музыку хвалу Богу Айцу і Стварыцелю, Езусу Хрысту Адкупіцелю і Духу Святому, які ажыўляе нас Божым подыхам; несці просьбы і спеў людзей да Божага трону.

Пасля малітвы і благаслаўлення аргана распачаўся канцэрт з удзелам народнага артыста Беларусі, лаўрэата дзяржаўнай прэміі, прафесара БДАМ Ігара Алоўнікава; арганолага Аляксандра Бурдзялёва; арганісткі мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха), старэйшага выкладчыка БДАМ Ганны Горбач; арганісткі лютэранскай кірхі ў Гродне, выкладчыка Гродзенскага музычнага каледжа Веры Латышавай; дапаможнай арганісткі мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы, студэнткі 4 курса БДАМ Ганны Лабкоўскай; арганіста лідскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа Івана Бірука (саксафон); загадчыка духавога аддзялення Гродзенскага музычнага каледжа Канстанціна Мазюка (трамбон).

Кульмінацыяй суботняга вечару стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Станеўскі. Іерарх маліўся за супакой душы памерлага Юрыя Зісера (†2020), ініцыятара аднаўлення аргана і мецэната, а таксама за ўсіх, хто прычыніўся да гэтай пачэснай справы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа