Пошук

13.08.2021 13:23   Паводле: Аляксандр Бурдзялёў / Facebook / Catholic.by

У фарным касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе быў адноўлены гістарычны арган, які ўжо можна пачуць падчас набажэнстваў.

Пра тое, як адбывалася аднаўленне старадаўняга інструмента ў галоўнай лідскай святыні, распавёў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook арганолаг Аляксандр Бурдзялёў.

Капітальны рамонт і рэстаўрацыя гістарычнага аргана, пабудаванага ў чэрвені 1939 года фірмай «A. A. Homan St. Jezierski w Warszawie», вяліся ў 2020–2021 гадах.

Гэтаму папярэднічала працяглая падрыхтоўчая праца, якая распачалася па ініцыятыве вядомага мецэната і арганіста-аматара Юрыя Зісера, які выступіў асноўным спонсарам аднаўлення інструмента.

Юрый Зісер прычыніўся таксама да аднаўлення арганаў у Мінску, Нясвіжы і Пінску.

Асноўны этап працаў у Лідзе быў распачаты ўжо пасля смерці мецэната, які адышоў у вечнасць у маі мінулага года. Як піша Аляксандр Бурдзялёў, арган у лідскай фары быў ім выбраны для аднаўлення невыпадкова. Былі ўзятыя пад увагу важнае размяшчэнне інструмента, рэлігійная значнасць (фарная парафія ў Лідзе — адна з найстарэйшых і найбольшых у Беларусі), турыстычны і адукацыйны патэнцыял, а таксама адкрытасць для супрацоўніцтва пробашча парафіі ксяндза каноніка Уладзіміра Гуляя, Біскупскага вікарыя па Лідскай акрузе Гродзенскай дыяцэзіі.

Арган лідскай фары — апошні такі гістарычны інструмент, пабудаваны на тэрыторыі нашай краіны ў міжваенны перыяд.

Арганолаг адзначае, што ён працяглы час знаходзіўся ў непрацоўным стане. Механізмы былі істотна пашкоджаны, а некаторыя трубы страчаны. У 1996 годзе арган ужо спрабавалі рамантаваць, але спроба аказалася няўдалаю.

Плануецца, што благаслаўленне і прэзентацыя аргана адбудуцца ў першай палове верасня, але ўжо цяпер падчас набажэнстваў і экскурсій можна пачуць, як гучыць адноўлены інструмент лідскай фары.

Абноўлена 01.09.2021 09:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця