Пошук

07.09.2021 15:14   Паводле: ave-maria.by

Вераснёўскі нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны тром дарам Духа Святога: мудрасці, розуму і рады.

Як адзначаецца на сайце часопіса ave-maria.by, дары Духа Святога надзвычай важныя ў жыцці чалавека.

Паводле галоўнага рэдакатара выдання Крыстыны Лялько, «асабліва ў цяперашні час, калі людзі ў гэтым глабалізаваным свеце такія раз’яднаныя, усім нам трэба памятаць, што Дух Святы — гэта Крыніца еднасці, і як мага часцей прыпадаць да гэтай Крыніцы».

У дзявятым нумары чытачы знойдуць грунтоўнае даследванне доктара тэалогіі ксяндза Юрыя Дразда, прысвечанае дарам Духа Святога у перспектыве Старога і Новага Запавету. У традыцыйнай рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка дзеліцца думкамі на тэму, чаму Каталіцкі Касцёл вылучае менавіта сем дароў Духа Святога. У рубрыцы «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай OCD заклікае хрысціянаў больш уважліва ставіцца да багацця гэтых дароў, бо мы часам перастаем іх заўважаць.

Айцец Яўген Голуб OFMConv і Тэрэса Клімовіч падрыхтавалі артыкулы, прысвечаныя разважанням аб згаданых трох дарах Духа Святога ў жыцці чалавека. Эсэ Арцёма Ткачука прысвечана сакрамэнту канфірмацыі, падчас якога мы чуем такія важныя словы: «Прымі знак дару Духа Святога», а ў артыкуле па матывах цыклу відэалекцый айца Адама Шустака ОР «Miriam» ідзе гаворка пра натхнёнасць Божай Маці Духам Святым.

Амаль у кожным нумары «Ave Maria» Галіна Калевіч распавядае пра лёсы і жыцці беларускіх вернікаў. Гэтым разам яна падрыхтавала сведчанне пра Валерыя Станчыка і яго сям’ю.

На старонках дзявятага нумара апублікаваны матэрыялы пра дзве важныя ініцыятывы.

Тут змешчана інтэрв’ю, прысвечанае начным малітоўным адарацыям Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі абароны жыцця і сям’і, якія штомесяц праводзяцца ў адным з раёнаў Мінска, у капліцы святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ, дзе служыць ксёндз Алег Шпець SChr. Другая, надзвычай значная для Беларусі ініцыятыва, — гэта цэнтр дапамогі залежным «Светач», які 5 гадоў таму заснавалі ў Бягомлі Уладзімір і Таццяна Шчэпіны. За гэты час у ім прайшлі рэабілітацыю 120 чалавек, залежных ад алкаголю і наркотыкаў.

Напрыканцы лета ў Беларусі адбылося пасвячэнне дзвюх новых святынь — у Барысаве і Старых Дарогах. Рэпартажы з гэтых цудоўных падзей у жыцці мясцовага Касцёла таксама можна знайсці ў вераснёўскім нумары часопіса, як і шэраг іншых цікавых матэрыялаў.

Абноўлена 07.09.2021 15:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця