Пошук

30.08.2021 12:15   Catholic.by

У нядзелю 29 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў пасвячэнне стацый Крыжовага шляху ў мінскім касцёле Святога Духа.

Гэтую новазбудаваную святыню ў сталічным мікрараёне Чыжоўка заслужаны іерарх пасвяціў на пачатку года, 9 студзеня.

Пасвячэнне чатырнаццаці стацый, якія адлюстроўваюць асноўныя моманты Крыжовага шляху — апошняй зямной дарогі Збаўцы, якой прысвечана адмысловае набажэнства, арцыпастыр здзейсніў у дзень, калі ў Касцёле адзначаецца ўспамін мучаніцкай смерці Хрыстовага Папярэдніка святога Яна Хрысціцеля.

У святыні арцыбіскупа Кандрусевіча і яго даўняга супрацоўніка і сябра ксяндза прэлата Андрэя Стэцкевіча прывітаў пробашч чыжоўскай парафіі ксёндз канонік доктар Ян Крэміс. Святар запрасіў іерарха ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы і здзейсніць пасвячэнне стацый.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп, разважаючы над Божым словам, засяродзіўся на тым, што сапраўдная вера заключаецца не ў выкананні знешніх абрадаў, а ў адносінах з Богам, заснаваных на паслухмянасці Яго волі і выкананні Яго запаведзяў.

«Малітвы, рытуалы, сакрамэнты і рэлігійныя практыкі толькі дапамагаюць нам практыкаваць гэтую сапраўдную рэлігію ў штодзённым жыцці», — падкрэсліў іерарх.

Нагадаўшы жыццёвы шлях і мучаніцкую смерць святога Яна Хрысціцеля, арцыбіску адзначыў, што Папярэднік Хрыста з любові да праўды і вернасці ёй не пагадзіўся на кампраміс і не пабаяўся дакараць кожнага, хто адыходзіў ад шляху Божага закону, нават самога цара Ірада.

«Ірад быў ганарысты і лічыў сябе зоркай у тагачасных грамадска-палітычных умовах. Ён верыў у сваю бязмежную моц і ў сваёй ганарыстасі не знайшоў у сабе сілы перамагчы самога сябе і змяніць сваё жыццё, навярнуцца. <…>

Адмовіўшыся ад Божай праўды, якая робіць чалавека свабодным, Ірад трапіў у пастку злога духа і стаўся несвабодным і бяссільным», — сцвердзіў заслужаны іерарх, якому таксама давялося цярпець за праўду.

«Ірад імкнуўся дагадзіць людзям і захаваць сваю рэпутацыю без пакаяння. Меркаванне, што чалавек — „пуп зямлі“, вядзе яго да спрэчнасці з Божым законам. Такім быў Ірад.

Святы Ян Хрысціцель, у сваю чаргу, сваім жыццём і мучаніцкай смерцю паказаў, што найвышэйшым дабром для яго было жыць згодна з Божым законам і яго бараніць нават тады, калі свет яго адрынае. Такім павінна быць і наша жыццё», — зрабіў выснову арцыбіскуп. Пры гэтым ён дадаў, што любоў да Хрыста, Ягонага вучэння і Божай Праўды не можа саступаць кампрамісам з грэшнымі тэндэнцыямі сучаснага свету.

«Праўда заўсёды застаецца праўдай. Яна адна, і таму адносна яе не можа быць ніякіх кампрамісаў», — сцвердзіў арцыпастыр, заўважыўшы, што быць вернымі Божай праўдзе, нягледзячы ні на што, хрысціянам дапамагае малітва.

«Няхай жа стацыі Крыжовага шляху, якія сёння асвячаюцца ў касцёле Святога Духа, стануць для нас прыладай разважанняў пра збаўчыя цярпенні Езуса, а таксама крыніцай духоўнага адраджэння і ўмацавання нашай веры», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч на заканчэнне гаміліі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця