25 жніўня пры кляштары францішканаў у Івянцы прайшоў дзень духоўнага засяроджання для маладых братоў і сясцёр з манаскіх супольнасцяў Беларусі.
Мерапрыемства, якое стала ўжо традыцыйным, было арганізавана Каардынацыйнай групай вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця.
Сёлетняя сустрэча манаскай моладзі праходзіла пад дэвізам «Вы — соль зямлі (Мц 5, 13)» і была прысвечана каштоўнасці і ролі манаскага жыцця.
Яна распачалася раніцай са снедання і малітвы Літургіі гадзінаў, пасля чаго адбылася канферэнцыя і праца ў групах. Пасля абеду ўдзельнікі сабраліся на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітву на працягу дня.
Кульмінацыяй сустрэчы стаў супольны ўдзел у святой Імшы ў «гадзіну Міласэрнасці». Цэлебрацыю Эўхарыстыі ў івянецкім касцёле святога Міхала Арханёла ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB, які ў беларускім каталіцкім епіскапаце з’яўляецца адказным за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця.
У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на духоўным пакліканні чалавека. На прыкладзе евангельскай гісторыі сустрэчы Езуса з багатым юнаком ён паказаў, што «недастаткова рабіць добрыя справы; важна рабіць тыя добрыя справы, да якіх заклікае Бог».
«На самай справе, чалавек падсвядома імкнецца да дабра, каб адчуваць сябе шчаслівым. У гэтым жыцці можна многае зрабіць і дасягнуць, але, калі чалавек робіць не тое і дасягае не таго, для чаго ён народжаны, ён ніколі не будзе шчаслівым», — заўважыў біскуп Яшэўскі. Працягваючы думку, ён дадаў, што шчасце не заключаецца ў тым, што чалавек пазбегне цяжкасцяў. Адказны за пастырства кансэкраваных асобаў на ўласным досведзе пераканаўся, што «нягоды і цяжкасці кансэкраванага жыцця зусім не азначаюць, што ў манастве немагчыма дасягнуць асабістага шчасця».
«Калі Бог кагосьці кліча, важна не баяцца і не адмовіцца, а з даверам прыняць пакліканне прысвяціць сябе Богу — і шчасце гарантавана», — сцвердзіў іерарх. Ён дадў, што хрысціянства, а тым больш манаскі стан, у вачах свету ва ўсе часы здаваліся чымсьці недарэчным.
«Але ў вачах Бога, як вынікае з евангельскай гісторыі пра маладога чалавека, менавіта кансэкраваны стан з’яўляецца вышэйшай формай дасканаласці», — адзначыў біскуп.
Ён нагадаў, што прыклад такога жыцця даў сам Езус Хрыстус, які жыў ва ўбостве, чысціні і паслухмянасці. Таму, на думку пастыра, манаскае жыццё заключаецца менавіта ў тым, каб мець такі стыль жыцця, які меў Хрыстус, бо перад кансэкраванымі асобамі стаіць задача не дапусціць, каб людзі забыліся пра духоўную сферу нашага існавання.
Звярнуўшы ўвагу на дэвіз сустрэчы маладых братоў і сясцёр «Вы — соль зямлі (Мц 5, 13)», іерарх падкрэсліў, што, «калі б не было кансэкраваных асоб, наша хрысціянская свядомасць ператварылася б у выветраную соль, якая больш ні на што не прыдатная». Разважаючы над евангельскімі парадамі, якія ляжаць у аснове манаства, біскуп салезіянін зазначыў, што іх сэнс не заключаецца ў адрачэнні. Так, паводле яго, убоства — гэта перадусім гатоўнасць падзяліцца ўсім, што маем, з патрабуючымі.
«Евангельская чыстасць таксама заключаецца не ў адмове ад сямейнага жыцця, а ў тым, каб паказаць і сведчыць пра вышэйшую і духоўную любоў да ўсіх людзей. Адсутнасць гэтай любові прывяла да таго, што адносіны паміж людзьмі звяліся да выключна цялесных і ўсё больш ненатуральных. Больш за тое, у гэтай сферы людзі пачынаюць губляць элементарную павагу адно да аднаго, забываючыся пры гэтым, што, паводле словаў апостала Паўла, чалавек — гэта святыня Святога Духа. <…> Менавіта жыццё ў евангельскай чыстасці вяртае адносінам паміж людзьмі каштоўнасць і павагу.
Сваёй бескарыслівай і ўсёабдымнай любоўю духоўныя асобы ачышчаюць любоў людзей ад зла і злоўжыванняў», — падкрэсліў іерарх.
Ён таксама адзначыў, што няма супярэчнасці паміж паслухмянасцю і свабодай, «бо паслухаць кагосьці не азначе адмовіцца ад сваёй волі». «Паслухацца азначае выйсці насустрач іншаму чалавеку і праявіць да яго павагу і справядлівасць. Сваёй паслухмянасцю кансэкраваная асоба таксама супрацьстаіць празе панавання», — лічыць біскуп Яшэўскі.
Ён дадаў, што праз абяцанні ўбоства, чыстасці і паслухмянасці Богу кансэкраваныя асобы прысвячаюць сябе сведчанню вялікіх ісцін і чалавечых каштоўнасцей.
«Давайце дзякаваць Богу на гэтай святой Літургіі за тое, што Ён паклікаў нас да такой высакароднай справы, і папросім Пана даць нам вытрымку і сілы для выканання гэтага задання», — заахвоціў біскуп Аляксандр Яшэўскі маладых братоў і сясцёр, заклікаўшы іх шукаць апоры для сваёй веры ў веры Марыі.
У другой палове дня ў межах сустрэчы прайшлі майстар-класы. Адзін з іх, прысвечаны тэме «Мастацтва ў парафіяльным служэнні», правяла мастачка Надзя Бука, а фатограф Віктар Малышчыц распавёў манаскай моладзі пра сакрэты фатаграфіі.
Завяршылася сустрэча супольнай малітвай Нешпараў і вячэрай у гасцінным францішканскім кляштары.