22 жніўня святой Імшой і вернісажам завяршыўся Восьмы мастацкі пленэр у Друі, у якім бралі ўдзел 25 мастакоў з усёй Беларусі.
Як паведамляецца на сайце парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах kascelmery.by, цэлебрацыю святой Імшы на заканчэнне імпрэзы ўзначаліў ганаровы госць — старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
На пачатку святой Імшы пробашч парафіі Святой Тройцы ў Друі ксёндз Сяргей Сурыновіч прывітаў прысутных, а таксама выказаў словы падзякі кіраўніку беларускага каталіцкага епіскапату за ўвагу да мастацкай падзеі. У сваю чаргу іерарх адзначыў, што ўдзячны Богу за магчымасць наведаць парафіяльную супольнасць у Друі і чарговы раз дакрануцца да мастацтва.
На святую Імшу сабраліся не толькі тутэйшыя парафіяне, але і шматлікія госці: мастакі, іх родныя і блізкія, а таксама тыя, хто цікавіцца жывапісам. Упрыгожыў літургію спевам парафіяльны хор пад кіраўніцтвам Валянціны Казакевіч.
У прамоўленай гаміліі біскуп Буткевіч адзначыў, што мастацтва дапамагае лепш зразумець Пана Бога і спрыяе больлш глыбокаму адчуванню велічы Яго стварэння.
Пасля Імшы ксёндз пробашч запрасіў прысутных на вернісаж, арганізаваны ў будынку старадаўняга бернардынскага кляштара. Адкрыццё выставы суправаджалі музычныя кампазіцыі ў выкананні вучняў Друйскага філіяла Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам усё той жа Валянціны Казакевіч. Канцэртная праграма выклікала шмат станоўчых эмоцый у прысутных.
На вернісажы 25 мастакоў з усёй Беларусі прадставілі вынікі сваёй працы падчас пленэру. Сярод удзельнікаў і тыя, хто толькі пачынае свой шлях у мастацтве, і даволі вядомыя мастакі: Алесь Суша, Аляксандар Грышкевіч, Уладзімір Хадаровіч.
Кожны працаваў у блізкім для яго стылі, аднак тэхніка выканання была агульнай — палатно-алей. Тэматыка работ вызначалася разнастайнасцю: усё залежала ад творчага натхнення мастакоў. Адметнасцю вернісажу стаў арт-праект Кацярыны Сумаравай Reservuarium. Падчас пленэру мастачка аб’ехала бліжэйшыя рэкі і азёры, адкуль узяла па некалькі кропель вады для стварэння свайго праекта — рэзервуара з вадой.
Што ж аб’яднала розных па ўзросце, поглядах і стылі жывапісу творчых людзей?
Як сведчаць самі мастакі, на друйскім пленэры ёсць усе неабходныя ўмовы для творчасці і прафесійнага росту.
У гэтым яны бачаць перадусім заслугу арганізатара ўнікальнага мерапрыемства ксяндза Сяргея Сурыновіча. Святар, па іх словах, умее знайсці падыход да кожнага, і з ім можна абмеркаваць як духоўныя пытанні, так і рабочыя моманты. Дзякуючы гэтаму многія мастакі прыязджаюць на друйскі пленэр ужо не першы год.
«Сучаснае мастацтва, на жаль, часцей правакацыйнае ў адносінах да рэлігіі, таму асноўная мэта пленэру — дыялог паміж рэлігіяй і мастацтвам», — кажа ксёндз Сяргей Сурыновіч.