Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Традыцыйна ў гэтыя жнівеньскія дні мы ўшаноўваем Божую Маці, дзякуючы Богу за тое, што Яна ёсць. Дзякуем за тое, што, знаходзячыся каля Езуса, Яна ў той жа час застаецца з намі. Дзякуем за тое, што запавет з крыжа стаў рэальным фактам. Мы прымаем Марыю як нашу Маці. Але перадусім гэта Яна нас туліць да сябе. «Езус сказаў Маці: „Жанчына, вось сын Твой“. Потым сказаў вучню: „Вось Маці твая“» (Ян 19, 26–27).
Своеасаблівымі сведкамі гэтай евангельскай падзеі мы становімся тут, у Лагішыне. Мы адчуваем тую ж блізкасць. На гэтым месцы мы таксама ў пэўным сэнсе становімся падобнымі да ўдзельнікаў вясельнай сцэны ў Кане Галілейскай. Мы маем разнастайныя цяжкасці. Божая Маці іх бачыць. Яна ўмее заўважыць іх перш, чым мы аб гэтым скажам. Наша Маці бачыць наш стан і дае добрую раду: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5). І нас гэтыя словы, безумоўна, падбадзёрваюць.
Мы прыходзім сюды і просім. Просім як Касцёл, просім як дыяцэзіяльная сям’я, якая з’яўляецца часткаю Паўсюднага Касцёла. Спектр праблем у нас вельмі шырокі — ад самых агульных, якія хвалююць увесь Каталіцкі Касцёл да індывідуальных, якія датычацца кожнага асобнага верніка. Тут мы бачым, як актуалізуюцца просьбы малітвы «Ойча Наш» — ад «свяціся Імя Тваё» да «хлеба штодзённага дай нам сёння». Мы стаім перад Панам, молячыся з радасцю.
На парозе новага навучальнага і катэхетычнага года мы молімся асаблівым чынам за дзяцей і моладзь, за іх бацькоў і выхавацеляў, за сем’і і, канечне ж, просім Бога аб шматлікіх і добрых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця. Аддаем Табе, Марыя, нашу штодзённасць!
Выхаванне і навучанне будучага пакалення — адзін з найбольш важных абшараў нашага жыцця. Гэта тое, што перш за ўсё трэба даверыць заступніцтву Божай Маці. Марыя сама выступае, між іншым, як настаўніца. Яна вучыць нас адкрываць і прымаць Божую любоў, заўважаць дзеянне Бога ў нашым жыцці. Менавіта гэтым рэчам дзеці павінны навучыцца на занятках катэхезы. На іх працягвае ажыцяўляцца тое, аб чым мы чытаем у Святым Пісанні — напрыклад, як Ілля растлумачваў маладому Самуэлю, хто яго кліча і кім ёсць Той, хто кліча (гл. 1 Сам 3, 1 – 10, 19 — 20). Або, як Філіп растлумачыў Слова Божае вяльможу з Эфіопіі, а потым ахрысціў яго (гл. Дз 8, 26–40).
Катэхезу можна параўнаць у тым ліку і з дарогай у Эмаус, падчас якой Пан Езус сам раскрывае сэнс Пісання, вядзе да перажывання таямніцы Эўхарыстыі і адкрывае вучням вочы. Хвіліны, праведзеныя ў святыні ці на занятках, на якіх мы глыбей пазнаем веру, могуць стаць для чалавека падобнымі да тых, што перажылі вучні падчас Перамянення Пана на гары Табор. Пётр тады ў захапленні ўсклікнуў: «Пане, добра нам тут быць» (Мц 17, 4). Яны не разумелі да канца таямніцы Перамянення, але мелі вялікую радасць ад прабывання з Панам. Тыя ж пачуцці напаўнялі вучняў, якія ў доме ў Эмаусе прасілі Езуса: «Застанься з намі» (Лк 24, 29).
Марыя — гэта не толькі настаўніца, але і вучаніца.
Ёй таксама давялося крок па кроку даходзіць да пазнання Божых планаў. Многія пытанні, канечне ж, пераўзыходзілі Яе чалавечы розум. Але Яна была адкрытая на пашырэнне гарызонту веры і на досвед Бога. Евангеліст Лука асабліва падкрэслівае гэтую характэрную рысу Божай Маці, кажучы, што Яна захоўвала словы Езуса ў сваім сэрцы (пар. Лк 2, 51). А ў даверлівым дыялогу з Богам Марыя адкрыла сваё пакліканне, сказаўшы: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38).
Кожны ўдзельнік катэхезы, паглыбляючыся ў дыялог са Слова Божым, такім жа чынам адкрывае сваё пакліканне. Тут нельга абысціся без духоўнага кіраўніка, які будзе побач і дапаможа. Асабістым сведчаннем са свайго жыцця падзяліўся калісьці святы Ян Павел ІІ падчас размовы з каталіцкім журналістам і пісьменнікам Анры Фрасарам. Святы Айцец узгадаў тады свайго настаўніка, а пазней сябра ксяндза Казіміра Фіглевіча: «Я вельмі ўдзячны святарам. Сёння я асабліва ўдзячны аднаму ўжо пажылому святару, які суправаджаў мяне на духоўным шляху і ў адпаведны момант далікатна падказаў, што Пан мяне кліча».
Менавіта таму катэхеза мае выключна важнае значэнне. Менавіта таму я кажу аб гэтым тут, у Лагішыне, у доме Маці Божай, на парозе новага школьнага і катэхетычнага году.
Няхай гэта нават стане традыцыяй. Няхай пілігрымы, асабліва дзеці і бацькі, якія ідуць да Марыі, просяць Яе аб тым, каб катэхеза стала для іх магчымасцю ўбачыць у жыцці ўвасабленне таго, аб чым мы толькі што гаварылі.
У гэтым месцы я не магу не ўзгадаць першага біскупа Пінскай дыяцэзіі Слугу Божага Зыгмунта Лазінскага. Разам з вамі, браты і сёстры, я малюся аб яго хутчэйшай беатыфікацыі. Мы добра ведаем аб яго пастырскім клопаце ў галіне катэхізацыі і выхавання. Я ўспамінаю таксама нашага кардынала Казіміра Свёнтка. Ужо мінула дзесяць гадоў з моманту, як гэты адданы пастыр і сведка веры адышоў да дому Айца. Ён стаяў ля вытокаў складанага працэсу адраджэння структур Каталіцкага Касцёла не толькі ў нашай дыяцэзіі, але і ў краіне. Бог даў яму сілы паклапаціцца не толькі пра знешні, матэрыяльны бок справы, але і больш складаны — духоўны. Верым, што ад Айца ў небе ён атрымлівае заслужаную ўзнагароду.
Марыя, кожнага з нас Ты вядзеш да Хрыста і хочаш сёння сказаць: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце». А я ў сваю чаргу, як пастыр гэтай дыяцэзіі, прашу кожнага: будзем жа паслухмянымі Богу! Будзем слухаць і выконваць, каб, трываючы ў Слове Божым і чэрпаючы моцы са святых сакрамэнтаў, мы дайшлі да сапраўднай мэты нашага пілігрымавання — радасці жыцця вечнага.
✠ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі