Пошук

14.05.2024 16:51   Фота: Кс. Андрэй Рылка, удзельнікаў пілігрымкі Пінск–Лагішын 2024 / Catholic.by

12 мая адбылася традыцыйная аднадзённая майская пілігрымка з Пінскай катэдральнай базылікі ў санктуарый Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, Апякункі Пінскай дыяцэзіі.

Ужо 34 разы шматлікія пілігрымы не толькі з парафій горада Пінска, але і з іншых рэгіёнаў Палесся ад Брэста да Гомеля пешшу прайшлі шляхам «рэкалекцый у дарозе», давяраючыся заступніцтву Маці Божай.

Асаблівасцю майскай пілігрымкі з Пінска ў Лагішын з’яўляецца тое, што паломніцтва пачынаецца напярэдадні вечарам адмысловым малітоўным чуваннем моладзі і пілігрымаў у старадаўняй Пінскай катэдры.

Сёлета таксама больш за паўтары сотні маладых людзей і пілігрымаў сабраліся спачатку на супольную малітву 11 мая.

Пасля вячэрняй літургіі ў касцёле ўсе сабраныя мелі таксама забаўляльную праграму са спевамі і гульнямі на ўтульныым прыкасцёльным падворку.

Раніцай 12 мая біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка благаславіў пілігрымаў і папрасіў іх маліцца ў дарозе не толькі ва ўласных інтэнцыях, але таксама прасіць заступніцтва Багародзіцы ў інтэнцыя Пінскай дыяцэзіі, якая рыхтуецца да юбілею сотай гадавіны з часу яе заснавання ў 1925 годзе.

Біскуп Антоні заахвоціў пілігрымаў асабліва маліцца аб дары новых, святых і шматлікіх пакліканняў да святарскага і манаскага жыцця, каб у Пінскай дыяцэзіі і ва ўсім свеце не было «асірацелых» парафій без пастаяннага душпастыра, але каб кожная супольнасць дачакалася свайго пробашча і магчымасці ўдзельнічаць у штодзённай святой Імшы.

Важным момантам паломніцкага шляху стала сустрэча пілігрымаў з вернікамі парафіі святой Ганны ў вёсцы Крыўчыцы, што на паўдарогі да Лагішына. Мясцовыя католікі заўсёды вельмі гасцінна сустракаюць вандроўнікаў. Пасля сумеснага маёвага набажэнства ў капліцы святой Ганны прафіяне частавалі пілігрымаў абедам і дзяліліся з імі ўспамінамі пра даўнейшыя часы, калі пры падтрымцы вялікага душпастыра Піншчыны, а ў наступстве —кардынала Казіміра Свёнтка, яны таксама хадзілі да Маці Божай Лагішынскай.

Пасля амаль 30-і кіламетраў дарогі пілігрымка завяршылся супольнай Эўхарыстыяй пілігрымаў і вернікаў лагішынскай парафіі ў дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы Палесся.

Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка з удзелам Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, святароў лацінскага і візантыйскага абрадаў.

Гамілію да вернікаў скіраваў ксёндз Аляксандр Канановіч, пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі, які разам са сваімі вернікамі таксама ўдзельнічаў у пілігрымцы. Святар заахвоціў сабраных быць актыўнымі вучнямі Хрыста, якія не толькі «ўзіраюцца ў нябесы», але сведчаннем свайго жыцця, словам і дзеяннем абвяшчаюць радасць пасхальнай веры Касцёла і Божай любові да кожнага чалавека.

На завяршэнне малітваў перад цудадзейным абразом Маці Божай Лагішынскай арганізатар і кіраўнік пілігрымкі ксёндз Андрэй Рылка падзякаваў усім сабраным духоўным, кансэкраваным і свецкім вернікам за пройдзены шлях паломніцтва, за іх руплівасць і сведчанне веры.

Таксама святар нагадаў моладзі пра наступныя вялікія пілігрымкі, якія сёлета запланаваныя ў Пінскай дыяцэзіі: з 27 чэрвеня па 5 ліпеня плануецца пілігрымка з Баранавічаў да Маці Божай Будслаўскай, а з 6 па 9 жніўня — з Баранавічаў і Бярозы да Каралевы Палесся ў Лагішыне.

Абноўлена 14.05.2024 20:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця