Пошук

05.08.2021 10:34   Тэкст і фота: Вольга Сяліцкая / Grodnensis.by

Святой Імшой увечары 4 жніўня ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне распачаліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Кангрэгацкай, абраз якой з пашанай захоўваецца ў галоўнай святыні Гродзенскай дыяцэзіі.

На пачатку літургіі пробашч катэдральнай парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі прывітаў прысутных вернікаў. Святар заўважыў, што мінула ўжо 357 гадоў з таго часу, як у святыню быў урачыста ўнесены абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках, перад якім вернікі няспынна ўзносяць да Бога свае просьбы, падзякі і праслаўленне.

«112 цудаў да гэтага моманту было зарэгістравана ў кнізе цудаў; на працягу стагоддзяў Марыя заўсёды апекавалася намі, — адзначыў ксёндз Ян. — Маці Божая Кангрэгацкая і цяпер выслухоўвае нашыя просьбы аб аздараўленні і дапамозе».

Эўхарыстыю перад алтаром Маці Божай Кангрэгацкай цэлебраваў ксёндз Яўген Эйсмант, палатын. Святар адзначыў, што з імем Марыі спалучана слова «мама».

«Для нас мама — наш сябра; яна заўсёды выслухае і стане на твой бок, апякуецца табою. Мама чуе інакш, чуе ўсё.

І сёння мы стаім перед абразом Маці Божай Кангрэгацкай, якая ведае боль і радасць нашага сэрца, Яна чуе, Яе не атрымаецца падмануць», — дадаў ён.

Пасля Імшы ў касцёле адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і распачалося чуванне перад цудадзейным абразом.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.