Пошук

03.08.2021 13:55   Паводле: Кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Grodnensis.by

31 ліпеня вернікі разам з біскупам Юзафам Станеўскім маліліся ў Батароўскім лесе каля Навагрудка, дзе 78 гадоў таму падчас Другой сусветнай вайны былі расстраляныя адзінаццаць законніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

Як паведамляе Grodnensis.by, ушанаваць памяць сведкаў Хрыста, якія прынеслі сябе ў ахвяру, сабралося шмат людзей. Прысутныя дзякавалі за дар благаслаўлёных мучаніц для Касцёла ў Беларусі, праз іх заступніцтва прасілі Бога аб ласцы глыбокай, моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Яго і бліжніх для сябе, сваіх сем’яў і супольнасцяў.

Акрамя таго, маліліся за нашу краіну, каб у ёй панавалі мір і згода, узаемная павага і разуменне, шанаванне супольнага дабра і клопат пра будучыя пакаленні.

Вернікі маліліся таксама аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась — дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

     

У гаміліі іерарх адзначыў, што Батароўскі лес 78 гадоў таму стаў Кальварыяй, на якой назарэтанкі па прыкладзе Езуса Хрыста ахвяравалі сваё жыццё за бліжніх. «Гісторыя Навагрудка ведае прыклад мучаніц, якія, умацаваныя Божай ласкай, здолелі дасягнуць вяршыні святасці на шляху менавіта такой бязмежнай любові да бліжняга, як ахвяра ўласнага жыцця», — сказаў біскуп.

Па яго словах, перамога мучаніц і іх сведчанне працягваюць сёння моцай Бога прыносіць духоўны плён, таму на гэтай зямлі, акропленай іх крывёю, асаблівым чынам належыць прасіць Пана аб дары веры.

«Тут было жыццё, тут нашыя продкі закладвалі падмурак веры для дома жыцця. Тут былі планы і надзеі, бо тут наша і нашых продкаў „абяцаная зямля“. Аднак тут і ненавідзелі жыццё, чалавека як Божае стварэнне і вобраз. Больш за тое, ненавідзелі тых, хто пайшоў за Хрыстом праз пакліканне да манаскага жыцця», — дадаў іерарх.

Біскуп падкрэсліў, што назарэтанкі, паміраючы, не памерлі.

«Благаслаўлёныя мучаніцы звяртаюцца да нашых сэрцаў: „Паверце, што Бог ёсць любоў! Абудзіце ў сабе надзею! І няхай гэтая надзея прынясе ў вас плён вернасці Богу ва ўсялякім жыццёвым выпрабаванні, каб па прыкладзе жыцця і ахвяры мучаніц аддана ісці за Хрыстом“», — адзначыў іерарх.

На заканчэнне Імшы да прысутных звярнулася Правінцыяльная сястра Беларускай правінцыі назарэтанак Філатэя Ціхановіч CSFN, якая падзякавала за дар супольнай малітвы, а таксама заахвоціла і далей узносіць да Бога свае просьбы праз заступніцтва навагрудскіх мучаніц.

Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць памаліцца ў цішыні на тым месцы, дзе назарэтанкі мучаніцы аддалі жыццё за іншых. Вернікі пакідалі лес у засяроджанасці, з думкай пра тое, што наша зямля — благаслаўлёная зямля, дзе пралілася кроў многіх адважных людзей, якія не адракліся ад Бога, а засталіся Яму вернымі да канца.

У ноч з суботы на нядзелю 1 ліпеня ў навагрудскім санктуарыі, дзе спачываюць рэліквіі благаслаўлёнай сястры Стэлы і яе дзесяці паплечніц, мучаніц, адбылося малітоўнае чуванне ў інтэнцыі сем’яў.

Як заўважае Grodnensis.by, большасць прысутных складала моладзь.

   

Падчас чування вернікі ўдзельнічалі ў малітве Ружанца, набажэнстве Крыжовага шляху, выслухалі канферэнцыю, якую прамовіў пробашч парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы ксёндз Андрэй Радзевіч. Удзельнікі чування маліліся за ўсе сем’і нашай краіны, бо менавіта за бацькаў сем’яў назарэтанкі ахвяравалі сваё жыццё ў 1943 г.

Сустрэча завяршылася святой Імшой, якая цэлебравалася ў 4.30 раніцы — прыблізна ў той час, калі сёстры прынялі ў Батароўскім лесе мучаніцкую смерць з рук гітлераўцаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.