Пошук

28.07.2021 14:21   Catholic.by

23–25 ліпеня пры парафіі Божага Цела ў Нясвіжы праходзілі сямейныя рэкалекцыі, якія сабралі сем’і з розных куткоў Беларусі.

Правялі духоўныя практыкаванні Уладзіслаў і Алена Валаховічы — сям’я каталіцкіх актывістаў з Магілёва, якія шмат робяць для ўмацавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і абароны жыцця.

Змястоўныя канферэнцыі і лекцыі Уладзіслава і Алены грунтаваліся на Божым Слове і асабістым досведзе жыцця паводле прынцыпаў Евангелля і вучэння Касцёла.

Удзел у рэкалекцыях стаў для 15 сем’яў з розных куткоў Беларусі магчымасцю знайсці свой шлях да шчаслівага сямейнага жыцця і правільнага выхавання дзяцей.

Удзельнікі праз супольную малітву ўмацаваліся ў веры і ўзбагаціліся каштоўным духоўным і жыццёвым вопытам.

У нядзелю 25 ліпеня, якая стала апошнім днём рэкалекцый, разам з удзельнікамі маліўся Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў старадаўнім нясвіжскім касцёле і благаславіў прысутныя сем’і. Падчас рэкалекцый дзве сямейныя пары з Нясвіжа, Мархель і Малярэнка, прынялі Карту руху Equipes Notre-Dame.

   

«Мы радыя і вельмі ўдзячныя Богу за тое, што змаглі ўдзельнічаць у гэтых рэкалекцыях, — дзеляцца з Catholic.by удзельнікі рэкалекцый у Нясвіжы Міхаіл і Анастасія Дудко. —

Гэта была цудоўная магчымасць паглыбіць свае сужэнскія адносіны, правесці час у малітве і разважанні над Словам Божым, падзяліцца вопытам з іншымі сем’ямі і нават патанчыць народныя танцы са сваёй палавінкай. Дзякуем Уладзіславу і Алене Валаховічам за глыбокія і карысныя тэмы, святарам і біскупу — за прысутнасць і малітву, а ўсім удзельнікам — за сведчанні пра іхні непаўторны вопыт сужэнскага жыцця. Дзякуем Богу за магчымасць адсвяткаваць першую гадавіну нашага сужэнства на рэкалекцыях, прысвечаных тэме сям’і».

Абноўлена 28.07.2021 14:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.