Пошук

19.07.2021 10:47   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Ірэна Ахрамовіч / Catholic.by

Увечары 17 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч, распачаліся адпустовыя ўрачыстасці.

Да невялікай драўлянай святыні, дзе шмат гадоў ушаноўваецца цудадзейны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, прыбылі пілігрымы, якія пешкі і на роварах прыбылі з Астраўца, Гродна, Мядзела, Нясвіжа і іншых мясцін Беларусі.

Як адзначае Grodnensis.by, сёлета вернікі ў Гудагаі асаблівым чынам дзякавалі за 30 гадоў служэння ў Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча, 40 гадоў з часу прэзбітэрскага пасвячэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і 100 гадоў з моманту заснавання Кангрэгацыі сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса.

Святую Імшу, якой распачаліся ўрачыстасці, разам з пастырам Касцёла на Гродзеншчыне канцэлебравалі старшыня епіскапату Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дыяцэзіяльныя святары і кармэліты. На пачатку Імшы на палявы алтар, дзе яна цэлебравалася, жанчыны ў народных строях у працэсіі прынеслі цудадзейны абраз.

Усіх прысутных прывітаў пробашч гудагайскай парафіі і кусташ гэтага святога месца айцец Аркадзь Куляха OCD.

У прамоўленай гаміліі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне казаў пра тое, што жыццё хрысціяніна павінна быць нястомным духоўным узыходжаннем праз пакаянне і навяртанне, пераадоленне ўласных слабасцяў і грахоў, удасканаленне ў цнотах, узрастанне ў любові да Бога і бліжняга.

«Як стомлены вандроўнік на вяршыні гары адчувае вялікую радасць, цешыцца, што дасягнуў мэты, што вытрываў, што можа радаваць вока цудоўнымі відамі наваколля, так і хрысціянін: чым больш набліжаецца да Бога, тым большую духоўную радасць адчувае ў сваім сэрцы, тым шырэйшыя гарызонты святасці адкрываюцца перад вачыма яго душы», — дадаў біскуп Кашкевіч.

Іерарх падкрэсліў, што на шляху да святасці ў нас ёсць надзейная Правадніца і Заступніца ў асобе Найсвяцейшай Маці, якая, як найдасканалейшая вучаніца Пана, разважала ў сваім сэрцы над Божым словам, з вялікай верай і пакорай спаўняла Божую волю, рэалізавала ўсе Яго наказы як верная слуга.

«Таму незлічоныя пакаленні хрысціянаў стараліся наследаваць Марыю ў Яе веры і любові да Бога, а разам з тым прасілі Яе аб дапамозе ў нялёгкай вандроўцы да вышыняў святасці», — сказаў біскуп Гродзенскі.

Па словах іерарха, Марыя як наша Маці нікому не адмаўляе ў сваёй дапамозе, a сваім верным шанавальнікам з ордэна кармэлітаў пакінула вялікі духоўны дар у выглядзе шкаплера.

«Марыйны шкаплер — гэта напамін і заахвочванне, каб і мы наследавалі Марыю, стараліся імкнуцца да святасці, адважна і пастаянна ўзнімаліся на нашу духоўную гару Кармэль праз нястомнае змаганне з грахом, супрацоўніцтва з Божай ласкай і ўзрастанне ў цнотах», — адзначыў біскуп.

Ён заахвоціў тых, хто ўжо прыняў шкаплер, насіць яго з верай і любоўю, бо гэта знак любові да Марыі, a ўсіх прысутных запрасіў часта маліцца праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці, асабліва разважаючы над таямніцамі Ружанца.

«Будзем практыкаваць супольную малітву ў коле сям’і. Будзем старацца наследаваць Марыю ў Яе слуханні Божага слова, у паслухмянасці Божай волі, у любові да Бога і бліжняга», — дадаў біскуп.

Абноўлена 19.07.2021 11:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа