2 ліпеня, падчас урачыстасці ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч пасвяціў новыя капліцы-стацыі Крыжовага шляху, якія былі ўсталяваныя на прыкасцёльнай тэрыторыі.
Як паведамляе Grodnensis.by, у парку побач са святыняй былі пабудаваныя чатырнаццаць стацый Крыжовага шляху.
Кусташ санктуарыя ў Тракелях ксёндз Юрый Бяганскі перакананы, што гэтыя стацыі, якія нагадваюць пра шлях Пана Езуса з крыжам ад прэторыі Пілата на гару Галготу, будуць садзейнічаць ажыўленню веры пілігрымаў і ўдзельнікаў індывідуальных і групавых рэкалекцый, якія арганізоўваюцца пры тракельскім санктуарыі, а таксама будуць вучыць хрысціянскаму пакаянню, ахвярнасці і ўдзячнасці.
Для вернікаў, якія прыбываюць у санктуарый у індывідуальным парадку, каб пабыць сам-насам з Богам, стацыі Крыжовага шляху могуць стаць нагодай зрабіць шчыры рахунак сумлення і імкнуцца да глыбокай духоўнай еднасці з Езусам.